https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Яшчэ некалькі гадоў таму мы нават не маглі падумаць, што нам давядзецца адстойваць гістарычную праўду і памяць


Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
"Яшчэ некалькі гадоў таму нават думкі не маглі прыйсці ў галаву, што нам давядзецца адстойваць гістарычную праўду і памяць. Таму мы праводзім міжнародную парламенцкую канферэнцыю, якая прысвечана гістарычнай памяці, Вялікай Перамозе, якая здабыта адзінствам. Яна прымеркавана да 81-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел парламенцкія дэлегацыі Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі інтэграцыйных структур СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, замежныя дыпламаты, міжнародныя эксперты. Вельмі вялікае прадстаўніцтва", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Міжнародная парламенцкая канферэнцыя стартавала 14-га чэрвеня і пройдзе ў двухдзённым фармаце.

"Хачу сказаць, што ініцыятарам правядзення канферэнцыі выступіла Палата прадстаўнікоў, суарганізатары - Генеральная пракуратура, Міністэрства абароны, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная акадэмія навук. Усе да гэтага прыклалі вельмі сур`ёзныя намаганні, - адзначыў спікер. - Мэта гэтай канферэнцыі - заявіць аб недапушчальнасці перапісвання гісторыі, паказаць тую небяспеку, якую нясе рэабілітацыя нацызму, усяму свету і, вядома ж, прадэманстраваць тую вялікую работу, якая праводзіцца ў Беларусі па захаванні гістарычнай памяці і гістарычнай праўды. Мы лічым, што правядзенне гэтай канферэнцыі будзе садзейнічаць прызнанню і асуджэнню міжнароднай супольнасцю генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ў час канферэнцыі мы абмяняемся заканадаўчым вопытам па гэтых пытаннях. І, зразумела, абмяркуем, як нам узмацніць наша парламенцкае ўзаемадзеянне па процідзеянні той гібрыднай агрэсіі, якая сёння вядзецца супраць Рэспублікі Беларусь і іншых постсавецкіх дзяржаў".

У другой палавіне дня стартуе работа 5 тэматычных секцый. У прыватнасці, тэматычная секцыя "Вялікая Айчынная вайна ў сучаснай гісторыяграфіі" пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, "Свяшчэнны абавязак жывых" - у Доме афіцэраў, "Злачынствы без тэрміну даўнасці" - у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, "Гістарычная памяць. Сувязная ніць пакаленняў" - у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, "Вялікая Перамога ў грамадска-медыйным дыскурсе" - у храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.

Вечарам удзельнікі міжнароднай парламенцкай канферэнцыі ў дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь" прымуць удзел у малітве-рэквіеме ў памяць аб ахвярах генацыду "Не зарасце народная сцежка". 15 чэрвеня адбудзецца пленарнае пасяджэнне "Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам". Таксама ў гэты дзень будзе прынята падагульняючая рэзалюцыя канферэнцыі.

14 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:14.06.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:889
 
Ключевые слова:
Конференция Великая Отечественная война Геноцид белорусского народа Год историческрй памяти
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме