https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вобразы вайны на палотнах беларускіх мастакоў прадстаўлены ў Прэзідэнцкай бібліятэцы


Выстава мастацкіх работ «Памяць» дэманструецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі, паведамілі ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу.
Праект падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў да аб’яўленага ў краіне Года гістарычнай памяці. У экспазіцыі прадстаўлены карціны вядомых айчынных мастакоў, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

«Гісторыка-культурная спадчына Беларусі, звязаная з ВАВ, вялікая — яна прадстаўлена шэдэўрамі літаратуры, музыкі і выяўленчага мастацтва. Перамога застаецца ў народнай і культурнай памяці, набываючы больш глыбокі і разнастайны мастацкі сэнс. Ёю прасякнута творчасць многіх мастакоў, у тым ліку, вядома, мастакоў-ветэранаў, якія пакінулі бясцэнныя дакументальныя і мастацкія сведчанні гора і вялікай мужнасці людзей, што выстаялі і перамаглі. Але і тыя творцы, якія нарадзіліся ў мірны час, не засталіся ў баку ад тэмы вайны, па-філасофску і эмацыянальна пераасэнсаваўшы падзеі мінулых гераічных гадоў, пасляваеннага аднаўлення краіны і яе сучаснага мірнага жыцця», — падкрэслілі арганізатары.

Мастакі аднымі з першых адгукнуліся на падзеі 1941 года, але разуменне і мастацкае асэнсаванне вайны як гіганцкай бітвы прыйшло пазней. У эпічных палотнах некалькіх пасляваенных пакаленняў творцаў паказана патрывожанае мірнае жыццё, у якое ўварвалася трагедыя, адлюстравана аднаўленне краіны, паказаны помнікі Перамогі. Тэма ветэранаў стала адной з ключавых у мастацтве Беларусі пасляваенных дзесяцігоддзяў.

Сярод аўтараў выстаўкі — майстры, якія прайшлі вайну. У творчасці былых франтавікоў Барыса Аракчэева, Антона Бархаткова, Адольфа Гугеля, Пятра Данелія, Яўгена Зайцава ёсць любоў да мірнага краявіду, у якім ужо няма жахаў вайны. Побач з вялікімі майстрамі прадстаўлены работы аўтараў пасляваеннага пакалення, сярод якіх народныя мастакі Беларусі Аляксандр Кішчанка і Уладзімір Тоўсцік, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Уладзімір Гоманаў, Уладзімір Зінкевіч, Віктар Барабанцаў.

Жывапісныя палотны розных гадоў дазваляюць прасачыць, як змянялася вобразнае ўяўленне пра вайну і мірныя пасляваенныя гады ў розных пакаленняў беларускіх мастакоў. Так, карціна Мікалая Назаранкі «На вызваленай зямлі» напісана пад уплывам прозы ад першай асобы, характэрнай для мастацкай творчасці 1960-х гадоў. Карціна «Памяць» Аляксандра Пашкевіча 1975 года — гэта іншы зварот да тэмы, праз эмацыянальнае ўспрыманне балючых ран, якія не гояцца з часам.

«У 1980-я і 1990-я гады прыйшло філасофскае асэнсаванне не толькі падзей вайны, але і тых каштоўнасцей, якія ветэранам удалося захаваць, падтрымаць, развіць і ўмацаваць будучым пакаленням. Мастакі захоплена пішуць духоўныя партрэты, вобразныя пейзажы, звяртаюцца да нацыянальнай спадчыны і гісторыі мінулых стагоддзяў», — звярнулі ўвагу ў бібліятэцы.

У творах Віктара Шматава, Віктара Барабанцава, Людмілы Ізмайлавай, Уладзіміра Сулкоўскага, Ігара Крэйдзіка гучаць напевы роднага краю. Кожны іх твор, адзначаюць арганізатары, — гэта праніклівы аўтарскі погляд на радзіму, напоўнены вялікай любоўю да сваёй краіны і народа.

Выстава дэманструецца да 28 лютага.

Звязда, 3 лютага 2022
 
Дата публикации:03.02.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:97
 
Ключевые слова:
Живопись Высиавка Мінск Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме