https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Размова з пазіцыі сілы з беларускім народам бесперспектыўная


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўсіх, хто носіць пагоны, шчыра падзякаваў ім за тое, што ў напружаны перыяд яны былі менавіта з народам.

"Вы абаранілі мірных грамадзян, якія вераць у вас, цэняць нацыянальнае адзінства, свабоду і не жадаюць разбураць свой дом - Беларусь. Вы, як і пакаленне пераможцаў, паказалі, што толькі апора на сваіх людзей і сваю зямлю дае сілы і маральнае права адстойваць інтарэсы народа. Толькі патрыятызм служыць трывалай асновай усіх пачынанняў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што за апошні час людзям у пагонах давялося многае перажыць, на іх спрабавалі начапіць розныя ярлыкі. "Але мы цярпелі. Той, хто церпіць, той перамагае. Людзі ўсё зразумелі", - дадаў беларускі лідар.

"Зламаўшы спраўна працуючы да гэтага часу гібрыдны механізм бліцкрыгу, па сутнасці, вы сталі на шляху новай экспансіі на Усход", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што, на думку некаторых замежных экспертаў, Беларусь палажыла канец каляровым рэвалюцыям як геапалітычнай з`яве.

"Так гэта ці не - убачым. Але ў чым абсалютна перакананы, мы паказалі прыклад таго, як трэба адстойваць нацыянальныя інтарэсы, што павінен рабіць кожны, хто даражыць сваёй незалежнасцю, - сказаў беларускі лідар. - Размова з пазіцыі сілы на нашай зямлі з нашым народам бесперспектыўная! Так было і так будзе заўсёды! І яны за мяжой павінны гэта чуць".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ раней папярэджваў беларускі народ, што незалежнасць і суверэнітэт звычайна не дастаюцца проста так. "Гэта штука вельмі дарагая, яна вельмі дорага каштуе. Я, праўда, верыў, што гасподзь мілаваў нас і мы не пройдзем ні праз войны, ні праз выпрабаванні (для захавання незалежнасці.). Аказваецца, не. Напэўна, ён нам падсунуў гэта выпрабаванне. Можа, нават добра. Дай бог нам прайсці гэтыя выпрабаванні без гарачай вайны. І мы, людзі ў пагонах, абавязаны зрабіць усё, каб наш народ, нашы суседзі і госці нават не заўважылі, што мы вядзём сёння гібрыдную вайну. Пакуль нам гэта ўдаецца", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Я абсалютна мірны чалавек, але калі я адступлю, калі я хоць недзе завагаюся, а тым больш загуляюся ў палітыку і краіна загіне, - вы ж мне ніколі не даруеце. Таму ў мяне няма іншага выхаду, як стаяць з гэтымі хлопцамі насмерць. Гэта наша работа", - дадаў беларускі лідар.

Ён перакананы, што беларусы вытрымаюць няпросты экзамен, які выпаў на іх долю. Таму што Беларусь - краіна герояў. Напрыклад, такіх, як лётчыкі Андрэй Нічыпарчык і Мікіта Куканенка, якія выратавалі сваіх суайчыннікаў цаной уласнага жыцця. Як 12-гадовы Рома Кагадоўскі, які вынес з агню маленькага брата.

"Такіх, як нашы медыкі, якія бясстрашна адказалі на выклік пандэміі і прадаўжаюць заставацца на пярэднім краі вайны з небяспечным вірусам. Як аграрыі, прамыслоўцы, будаўнікі, якія ў няпростых умовах добра зрабілі сваю работу і забяспечылі рост эканомікі, - прывёў шматлікія прыклады беларускі лідар. - Нішто нас не спыніла. Мы паспяхова рэалізавалі ўсе нашы праграмы і планы". У прыватнасці, Беларусь стала краінай мірнага атама, у Мінску адкрылася першая чарга трэцяй лініі метро, па ўсёй краіне пабудаваны дзясяткі новых бальніц, школ і дзіцячых садоў, басейнаў і спартыўных пляцовак.

"Мы вучылі і выхоўвалі дзяцей. Сеялі і збіралі ўраджай. І ўсё гэта - у год інфармацыйнага цкавання і спроб раскалоць наша грамадства, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Бязмерная ўдзячнасць усім, хто па прычыне сваёй прафесійнай дзейнасці і грамадзянскага абавязку на працоўных месцах, у медыяполі і сацыяльных сетках штодзённа змагаецца за аўтарытэт роднай Беларусі, наш суверэнітэт і вялікую гістарычную спадчыну".

2 ліпеня 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:02.07.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:131
 
Ключевые слова:
День Независимости Санкции Суверенитет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме