https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У НАН адкрыўся II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі


У Нацыянальнай акадэміі навук дадзены старт II Міжнароднаму форуму даследчыкаў беларускай казкі.
У мерапрыемстве, якое праходзіць як афлайн, так і анлайн, прымаюць удзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Абхазіі і Францыі.

Як адзначыў у прывітанні ад імя Прэзідыума НАН Беларусі Галоўны навуковы сакратар, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Іванец, беларускі казачны эпас вылучаецца сюжэтнай і ідэйна-тэматычнай разнастайнасцю, прыгожай і сакавітай мовай. Ён па праве ўваходзіць у сусветную скарбніцу казак і стаіць побач з такімі ўнікальнымі з’явамі, як арабская «Тысяча і адна ноч», нямецкія казкі ў апрацоўцы братоў Грым, серыі індыйскіх казак. Навукоўцы падлічылі, што каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак не маюць аналагаў у міжнародным індэксе казачных сюжэтаў.

Як было адзначана на форуме, народныя казкі любяць усе — і дзеці, і дарослыя. Да казак звярталіся вядомыя беларускія пісьменнікі Якуб Колас, Максім Танк, Змітрок Бядуля, Віталь Вольскі, а таксама шматлікія сучасныя аўтары. Акрамя кніжных і вусных формаў існавання, казка прысутнічае і ў нашым паўсядзённым жыцці ў выглядзе анімацыйных, кінематаграфічных і рэкламных прадуктаў, у выяўленчым мастацтве, у аўдыёзапісах ды тэатральных пастаноўках.

— Беларускія казкі — гэта мудрасць, філасофія і светапогляд народа, — падкрэсліў Андрэй Іванец, — таму яны заслугоўваюць больш пільнай увагі сучасных навукоўцаў, пісьменнікаў і выдаўцоў. Неабходна рэгулярна праводзіць падобныя форумы, больш глыбока вывучаць народную казку і больш шырока папулярызаваць яе ў нашым грамадстве.

27-28 мая 2021 года Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. У яго рамках адбудзецца падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай казкі, выступленне майстроў казачнага жанру старэйшага пакалення з розных рэгіёнаў Беларусі, майстар-клас па выцінанцы «Казкі з паперы» народнай майстрыцы Наталлі Сухой.

Удзельнікі мерапрыемства прымуць удзел у рабоце круглага стала «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай», азнаёмяцца з выставамі і прэзентацыямі тэматычных выданняў, унікальных архіўных зборнікаў казак з калекцыі фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, фонду фальклорных матэрыялаў БДУ, збору Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Надзея Нікалаева
Звязда, 27 траўня 2021
 
Дата публикации:27.05.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:254
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Беларуская казка Фольклор
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме