https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


18 траўня - Міжнародны дзень музеяў


Куды йдзем: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
Што глядзім:

Супрацоўнікі ўсяляк стараюцца вярнуць сваіх наведвальнікаў пасля ковіду і йдуць на даволі смелыя эксперыменты. Напрыклад, сёлета невялікім групам наведвальнікаў удалося трапіць туды, куды дапускаюць не кожнага музейнага работніка — у фондасховішча. Музей прыадчыніў патаемныя шафы і скрыні і пазнаёміў з найбольш каштоўнымі прадметамі.

Толькі рукапісаў самога паэта ў калекцыі музея Янкі Купалы — 561 адзінка захоўвання. Прадметам № 1 стаў верш «Мая доля». Гэта першы напісаны па-беларуску верш паэта (у ліпені 1904 года, калі яшчэ не было ў песняра псеўданіма, твор падпісаны «І.Луцэвіч»).

Нядаўна адкрыўся «сакрэт» гэтага музейнага прадмета. Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі рыхтавалі да выдання збор твораў Янкі Купалы. Іх зацікавіла, чаму верш размяшчаецца на заклееных лістках. Калі рэстаўратары знялі прыклееную паперу, убачылі яшчэ адзін верш — «Аб кабеце».

У фондзе захоўваецца і рукапісны фаліянт — зборнік «Шляхам жыцця». Макет Янка Купала распрацоўваў сам, на ім яго рукой зроблены паметкі. Ён пазначыў, як павінна выглядаць вокладка, і нават прапісаў цану будучага выдання. Зборнік паэт прысвяціў доктару Ярэмічу, які ахвяраваў грошы на выданне кнігі маладога паэта. Свой рукапіс Янка Купала падарыў сябру Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. А той у 1930 годзе перадаў фаліянт у беларускі музей Івана Луцкевіча ў Вільні і нават пакінуў у ім запісы па гісторыі рукапісу. Пасля вайны жонцы паэта Уладзіславе Францаўне ўдалося прывезці кнігу назад у Мінск. Сёння рукапісны зборнік «Шляхам жыцця» з`яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю першай катэгорыі.

Таксама ў музеі захоўваюцца друкаваныя выданні гэтага зборніка. Прычым, яшчэ засталіся пытанні, звязаныя з імі. Так, першае выданне было ў 1913 годзе, другое — ў 1923-м. Калі супрацоўнікі музея апісвалі кнігі, звярнулі ўвагу, што ў адзін і той жа год, у адной і той жа друкарні ствараліся зборнікі з рознымі вокладкамі — яны не супадалі колерам і якасцю. Кнігі ад пачатку так выдаваліся, ці, магчыма, змянілі выгляд, калі пра іх захаванне паклапаціліся ўладальнікі?

Тая ж гісторыя з экзэмплярамі зборніка «Жалейка», якія выйшлі ў адзін год, у адной друкарні, але адрозніваліся вокладкамі. Калі даследчыкі вывучалі дакументы ў архівах, знайшлі аб`яву газеты «Наша ніва» пра выданне зборніка і рахунак беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца ў наша ваконца», датаваны 4 кастычніка 1908 года, у якім паведамлялася, што на адрас рэдакцыі было паслана 100 экзэмпляраў зборніка «Жалейка» па 50 капеек і 5 экзэмпляраў — па 80 капеек. Больш дарагі варыянт кнігі друкаваўся на лепшай паперы.

Чым уражваемся:

У фондзе захоўваюцца арыгінальныя фатаграфіі паэта, па якіх можна прасачыць, як Янка Купала апранаўся ў розныя часы. На здымках выява сапраўднага франта! Колькі намаганняў яму трэба было прыкласці, толькі каб мець англійскія вусікі! Іх нельга было стрыгчы, а толькі вышчыпваць пінцэтам. Каб яны трымалі форму, усю ноч даводзілася спаць у спецыяльных навусніках, замацоўваць іх фіксатарамі. Каб паесці і не папсаваць «прыгажосць», на кубачак мацавалі накладку. Да пачатку 1920-х былі модныя кашулі з накрухмаленымі каўнерыкамі, такімі, як у мужа англійскай каралевы. Гэтая мода дакацілася і да Расійскай імперыі. І такія рэчы былі і ў Купалы. Варта звярнуць увагу і на гальштукі паэта, якія рабіліся з дарагіх якасных тканін. Адзін з яго гальштукаў быў зроблены ў нацыянальным стылі — адметная рыса моды 1920-х. У музеі захоўваюцца некаторыя прадметы адзення паэта, відаць, найбольш дарагія яму — тое, што ён узяў з сабой, калі пакідаў Мінск у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і паліто, падбітае мехам тхара, з вельмі добрага англійскага сукна, пашытае яшчэ ў дарэвалюцыйны час. На ім захавалася і этыкетка атэлье, што размяшчалася на адной з цэнтральных вуліц Мінска.

Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 17 траўня 2021

 
Дата публикации:17.05.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:156
 
Ключевые слова:
Музеи Беларуси Янка Купала
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме