https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рэжысёрка Улада Сянькова: Беларускае кіно можа лёгка ўвайсці ў моду


Прэм`ера карціны ІІ, якая адбылася на мінулым кінафестывалі «Лістапад», стала сапраўднай падзеяй з усімі належнымі атрыбутамі — гучным кантэкстам, натоўпам у кінатэатры ды доўгімі рэфлексіямі, якія пацвердзілі, што фільм трапіў у яблычак.
Рэжысёрка карціны ІІ Улада Сянькова закранула школьны булінг, стаўленне да гомасексуалаў, стэрэатыпы аб ВІЧ-інфіцыраваных і паказала, як у гэтых кірунках выглядае наша грамадства (для тых, хто не бачыў стужку, — крайне непрывабна). Карціна, знятая за сціплую колькасць грошай і здымачных дзён, сцвердзіла Уладу як адну з галоўных прадстаўніц беларускага незалежнага кіно. Цяпер аўтарка, вядомая таксама амбітным дэбютам «Граф у апельсінах» і ладным кароткім метрам Раrаnоіd Аndrоіd, вучыцца ў варшаўскай Школе Вайды, дарабляе маладзёжны фільм «Пражэкцёры» і распрацоўвае праект «Памылка 404». Мы запыталі рэжысёрку пра нашу шматпакутную кінаіндустрыю, яе новыя карціны і дзе беларускіх кіношнікаў чакаюць з расхінутымі абдымкамі.

— У якасці маладога незалежнага рэжысёра як ты адчуваеш сябе ва ўмовах беларускай кінаіндустрыі?

— Быццам знаходжуся па-за беларускай кінаіндустрыяй. Гэта як у камедыі «Краіна Оз» Васіля Сігарава, дзе галоўная гераіня праходзіць праз суцэльны трэш і ў канцы на пытанне, чаму яна хоча з`ехаць, адказвае: «Неяк не прыжылася». Я таксама кажу, што не прыжылася; калі мець на ўвазе індустрыю з фінансаваннем Мінкульта, я сябе з ёй не асацыюю. І ўвогуле ці існуе беларуская кінаіндустрыя? Ёсць суполка цудоўных людзей, якіх я паважаю і люблю, праўда, нават калі конкурс кінапраектаў упершыню за доўгі час даў добры вынік, мы сталі адно на аднаго пісаць даносы. Наша культурная сфера недастаткова развітая, каб гаварыць пра паўнавартасную кінематаграфію. Узяць Індустрыяльную платформу «Лістапада»: розныя людзі апавядаюць, як з беларускімі грашыма, нават з дваццаццю працэнтамі бюджэту, увайсці ў капрадукцыю і зняць кіно, маўляў, што вы седзіце. Але гэтыя размовы бессэнсоўныя, бо нам усё яшчэ трэба мець тыя дваццаць працэнтаў «дамашніх» грошай, а атрымаць іх немагчыма. Адпаведна, застаецца, калі ўсе зоркі сыдуцца, здзіўляць тым, што здымаеш за капейкі. Школа Вайды дала нам каля тысячы долараў на здымкі сцэны, дык мае аднагрупнікі пажартавалі, што я за гэтыя грошы зраблю ўвесь фільм.

— Апошнім часам у Беларусі шмат абмяркоўвалася, колькі насамрэч павінен складаць бюджэт кіно. Колькі каштавалі твае фільмы і колькі ты б хацела, каб яны каштавалі?

— На «Графа ў апельсінах» у мяне пайшло пяць тысяч долараў — гэта на здымкі і гук, прытым што ўсе працавалі бясплатна і я манціравала сама. Але потым пачалося прасоўванне «Графа» на фестывальных платформах, і я дагэтуль вінаватая грошы сябрам. Кошт карціны — гэта адна сума, але фільм проста ляжа на паліцу, калі нейкія сродкі не выдаткуюцца яшчэ і на прасоўванне. У нас кажуць правільныя рэчы: менш грошай на праект, значыць больш праектаў, значыць больш магчымасцяў удзельнічаць у капрадукцыях — і беларусаў будуць з задавальненнем браць у партнёры, бо мы вельмі цікавыя за мяжой, асабліва апошнім часам. Цяпер увогуле час нізкабюджэтнага кіно — ідзе сусветны крызіс, фінансаванне Школы Вайды, напрыклад, скарацілася ледзь не ўдвая, на кіно былых грошай таксама даваць не будуць. Застаецца аптымізоўваць каманду і выдаткі — на пляцоўцы, скажам, не патрэбны дваццаць п`яных светлавікоў, дастаткова аднаго добрага гафера.

— Калі маецца на ўвазе нізкабюджэтнае кіно, пра якія сумы ідзе гаворка?

— За сто тысяч, калі не ўлічваць падаткі, можна зняць харошы, дыхтоўны поўны метр. Лепш хай дзесяць чалавек здымуць за 100 тысяч, а я ўпэўнена, у нас дастаткова людзей, якія могуць зрабіць гэта добра, чым нехта адзін атрымае мільён і незразумела, здыме ці не.

— Фільм ІІ ты зняла за шэсць дзён — што ў ім было б лепшым, калі б у цябе было больш магчымасцяў?

— Напэўна, лепшым было б наша здароўе, бо працаваць па васямнаццаць гадзін вельмі цяжка. Неяк на замову ІT-кампаніі я здымала серыял, і мы працавалі па дваццаць гадзін — мой гукарэжысёр тады настолькі стаміўся, што спатыкнуўся, упаў з лесвіцы і доўга праляжаў у бальніцы. Мне хочацца берагчы каманду, каб яны адчувалі сябе людзьмі і мелі чалавечыя ўмовы працы — першы раз, можа, і прышпільна працаваць суткамі, але бясконца гэта цягнуцца не можа.

— Ты кажаш, беларускіх калег гатовы браць у партнёры — адкуль такое адчуванне?

— На замежных фестывалях да мяне неаднаразова падыходзілі, у тым ліку, напрыклад, прадстаўніца Берлінале, і казалі, што чакаюць нашых праектаў і гатовы іх падтрымаць. Ёсць мода на кіно: калі раней была хваля румынскага кіно, цяпер, я думаю, пачынаецца цікавасць да балканскага, то таксама лёгка ў моду можа ўвайсці беларускае. Нават пасля выхаду «Хрусталя» я заўважыла на міжнародных фестывалях да сябе іншае стаўленне — Беларусь стала цікавай.

— На твой погляд, ці можна назваць адной з прычын стагнацыі нашага кіно існуючую сістэму яго фінансавання?

— Абсалютна. Паглядзець на Украіну: як толькі там наладзілася сістэма фінансавання, у кожным пітчынгу ўдзельнічае па тры ўкраінскія праекты, ледзь не ў кожным конкурсе ёсць украінскі фільм. Адзін бізнесмен, што не мае да кіно ніякага дачынення, вазіў маладых аўтараў на Канскі кінафестываль, каб яны павучыліся. У нас жа кіно ніхто асабліва не хоча займацца — з праектам «Пражэкцёры» мы звярталіся да розных людзей, прычым прасілі абсалютна пасільныя грошы, і ўбачылі, што бізнесу нецікава ў гэтым удзельнічаць.

— Ты неяк спрабавала супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам» — чаму супраца не склалася?

— Кінастудыя, наколькі я разумею, прапанавала многім маладым рэжысёрам зняць фільм па іх сцэнарыі, а згадзілася толькі я — сцэнарый быў дрэнны, але я падумала, што змагу зрабіць з яго нешта вартае. Праект падаваўся на конкурс Міністэрства культуры, а як працуюць на кінастудыі — праект ідзе на конкурс і запускаецца ў вытворчасць адначасова, настолькі ўсе ўпэўнены, што фільм атрымае фінансаванне, але нам праз некаторы час адмовілі. Я гэтаму рада, бо разумею, што проста выматала б сабе нервы і зняла нейкую фігню — нешта свабоднае, сучаснае, дзёрзкае на «Беларусьфільме» зрабіць, мне здаецца, нельга. Потым я даведалася: праблема была ў тым, што «У сэнсе Сянькова?». Магчыма, я не вельмі прыдатны персанаж для кінастудыі альбо спрацавала адсутнасць спецыяльнай адукацыі.

— Ці зарабляеш ты на кіно?

— Я атрымала ганарар за фільм ІІ і змагла пражыць на яго паўтара-два месяцы, то-бок у адпачынак за гэтыя грошы не з`ездзіш. Потым мне ішоў працэнт ад пракату — я патраціла яго на фестывалі. Гэта ўвесь мой заробак, хоць, мне здаецца, на карціне ІІ можна зарабіць, толькі на гэта павінна працаваць цэлая каманда. Можа быць, сітуацыя ў кінасферы зменіцца, але я і не чакаю вялікіх дывідэндаў.

— Што адбываецца з праектам «Пражэкцёры» і калі публіка яго ўбачыць?

— Я цяпер проста ў агні, бо не магу знайсці гукарэжысёра — усе альбо занятыя, альбо не маюць сіл, а даверыць праект навічку мне складана праз адмоўны досвед. Гук — галоўны «затык» у праекце, але ў маім цудоўным свеце фільм павінен быць гатовы ўжо ў канцы жніўня, а што далей, пакуль невядома. Хацелася б думаць пра фестывалі, але незразумела, ці хутка яны адновяцца ў традыцыйным фармаце.

— У Школе Вайды ты распрацоўваеш праект «Памылка 404» пра хлопцаў, якія збягаюць ад арміі. Ідэя перагукаецца з тваёй кароткаметражкай Раrаnоіd Аndrоіd — чым гэтая тэма асаблівая для цябе?

— Хоць я і жанчына, якой не пагражае, але я гляджу вакол і шкадую мастакоў, акцёраў, айцішнікаў, якім трэба ісці ў армію, бо лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай. Ёсць людзі, якім падабаецца служыць, — хай яны служаць і атрымліваюць за гэта грошы. У Ізраілі таксама служаць усе, праўда, могуць выбіраць фармат службы — знаёмы музыкант у арміі займаецца музыкай. Да таго ж я стамілася ад мілітарысцкай прапаганды і мне хочацца пра гэта пагаварыць — я разумею, што не змяню свет, але прынамсі дапамагу паглядзець на яго іначай. Я яшчэ ніколі не мела такога ўзважанага і абгрунтаванага жадання зняць фільм.

— Што тычыцца карціны ІІ, думаеш, наша грамадства сапраўды такое абыякавае і неразвітае ў стаўленні да гомасексуалаў і ВІЧ-інфіцыраваных?

— Думаю, нам ёсць куды імкнуцца, праблема з гамафобіяй дакладна ёсць, дарэчы, палякі на мой фільм таксама рэагавалі: «Ой, гэта як у нас». А абыякавасць і засяроджанасць на сваіх патрэбах я ўвогуле лічыла нашай асноўнай якасцю, але хочацца верыць, мы гэта прайшлі — апошнім часам цуд што адбываецца, пачынаючы з валанцёраў падчас «ковіда» і ахвяраванняў на карысць урачоў, наша грамадства становіцца іншым.

— Калі ты здымала ІІ, ты перабольшвала ў імя мастацкай ідэі альбо сапраўды адчувала, што адлюстроўваеш рэальнасць?

— Сюжэт, вядома, выдуманы, але я б не сказала, што ён перабольшвае агрэсіўнасць нашага грамадства: у нас у «Фэйсбуку» дарослыя цкуюць адно аднаго кожны дзень, што ўжо казаць пра дзяцей. У маім класе, напрыклад, даволі жорстка здзекаваліся з аднаго хлопца, і хоць ніхто не хварэў на ВІЧ, я лёгка ўяўляю сцэну з фільма ў сваёй школе. Нядаўна чытала, як у нейкім ізраільскім гарадку дзяўчына захварэла на «ковід» і вучні з бацькамі яе зацкавалі.

— Ты вучышся ў Школе Вайды — у будучыні будзеш старацца здымаць у полі беларускага кіно альбо з`едзеш за мяжу?

— Вядома, я буду здымаць беларускае кіно, але паспрабую зрабіць праект і ў Польшчы. Я вырашыла, што не буду змагацца за беларускі кінематограф — ёсць я, я беларуска і здымаю пра тое, што мяне хвалюе, беларуская гэта рэчаіснасць ці сусветны кантэкст: чаму я павінна сябе абмяжоўваць? Дар`я Жук, напрыклад, працуе і ў Беларусі, і ў Расіі, я ўпэўнена, яна хоча працаваць у ЗША і не мысліць катэгорыямі нацыянальнасці. Вось і я буду проста здымаць кіно.

— Што Школа Вайды дазволіла табе зразумець пра кіно?

— Я прыйшла сюды ўжо з досведам, але шмат атрымліваю на эмацыянальным узроўні. У нас ёсць выкладчык Войцех Марчэўскі, які стварыў Школу разам з Анджэем Вайдам: ён абсалютна сучасны — напрыклад, салідарны з рухам #mеtоо — і надзвычай мудры ў тэме кіно. Калі ён кажа, усе адкладаюць тэлефоны ці ноўтбукі і проста слухаюць. Дваццаць гадоў таму ён перастаў рабіць фільмы, бо зразумеў, што не хоча здымаць, проста каб здымаць, і вырашыў, што чарговую карціну створыць, толькі калі ўзнікне тэма, у якой яму захочацца нешта сказаць. Гэтая пазіцыя, напэўна, стала маім найвялікшым уражаннем ад Школы. Да таго ж я цяпер больш сур`ёзна стаўлюся да кіно і разумею, што ў фільма павінен быць бюджэт, а праца кінематаграфіста павінна аплачвацца: палякі ўпадаюць у істэрыку, калі даведваюцца, што Школа плаціць акцёру менш, чым ён звычайна атрымлівае на здымках. Важным лічу абмеркаванне майго праекта з калегамі — цікава глядзець на яго праз прызму іншай рэальнасці, якая не зусім разумее наш кантэкст. Мая аднагрупніца неяк сказала фразу: «Бачна, што тут ёсць сцэнарыст» — і я вырашыла, што трэба рабіць кіно так, каб сцэнарыста ў ім ніхто не ўбачыў, як у румынскіх фільмах. Я ж прынесла сваім аднагрупнікам ідэю таго, што не трэба чакаць, пакуль фонд дасць грошы, — можна пайсці і зняць бясплатна. Яны нешчаслівыя, бо хочуць зняць фільм і гадамі чакаюць на гэта сродкаў, а я — чалавек, які ніколі грошай не бачыў, — ствараю кіно і адчуваю сябе шчаслівай.

Аўтар: Сафія Палянская
Звязда, 1 жніўня 2020
 
Дата публикации:01.08.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:182
 
Ключевые слова:
Кинематограф Независимое кино Беларусьфільм Влада Сенькова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме