https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лагойск стаў першым у Беларусi горадам без абортаў


У 2018-2019 гадах у Лагойскiм раёне нарадзiлася больш за 550 дзяцей.
Для рэгiёна, дзе жыве каля 36 тысяч насельнiцтва, трацiна з якiх пенсiянеры, гэта добры паказчык. Ужо пяць гадоў па iнiцыятыве акушэра-гiнеколага цэнтральнай раённай бальнiцы Iрыны Казлоўскай тут дзейнiчае праграма «Лагойск — горад без абортаў». Карэспандэнт «Звязды» накiравалася ў ЦРБ, каб на свае вочы ўбачыць, як пастаўлена работа ў горадзе, дзе ўрачы першыя ў краiне адмовiлiся ад штучнага перарывання цяжарнасцi.

— У 2014 годзе нашы акушэры-гiнеколагi асэнсавана адмовiлiся ад штучнага перарывання цяжарнасцi па жаданнi жанчын. Гэтаму паспрыялi змены ў закон аб ахове здароўя, у прыватнасцi, яго 27-ы артыкул, якi дазваляе ўрачам не рабiць аборт, калi адсутнiчаюць медыцынскiя або сацыяльныя паказаннi. Калi яны прысутнiчаюць, гэтыя манiпуляцыi праводзяцца. Але такiх выпадкаў няшмат — у сярэднiм ад аднаго да трох у год, — кажа намеснiк галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальнiцы Васiль Казлоўскi. — Калi ж пацыентка, у якой нармальна працякае цяжарнасць, стаiць на сваiм, то ў першую чаргу з ёй размаўляюць урачы агульнай практыкi, гiнеколагi, стараюцца разабрацца ў прычынах яе рашэння пазбавiцца ад плода. Часта гэта бывае iмпульсiўны крок. Затым пацыентку накiроўваюць па кансультацыю да псiхолага, мэта якога не ў тым, каб адгаварыць ад аборту, а ў тым, каб жанчына сама прыняла асэнсаванае i адказнае рашэнне. I калi яна зразумее абсурднасць сiтуацыi, то можа i адмовiцца ад сваiх намераў. Як сведчыць статыстыка, так робiць трацiна будучых мацi.

— З другога боку, што, калi пацыентка настойвае на першапачатковым рашэннi? Што робiце ў гэтым выпадку? — пацiкавiлася ў Васiля Аляксандравiча.

— Пасля абследавання, якое праводзiцца бясплатна, мы накiроўваем яе ў Мiнскую абласную бальнiцу. Але паслуга па штучным перарываннi цяжарнасцi платная, бо па законе гэта не будзе медыцынская дапамога.

У большасцi выпадкаў штурхае да такiх дзеянняў незапланаваная цяжарнасць. I ў гэтым вiнаваты не толькi жанчыны, але ў роўнай ступенi i iх спадарожнiкi па жыццi. Калi абодва бацькi будуць думаць, як засцерагчыся, то, як кажуць у народзе, такiх «залётаў» не атрымаецца. Дзiця будзе жаданым, а сям`я — шчаслiвай. Наогул прычын пазбавiцца ад цяжарнасцi хапае. Напрыклад, цяжкае матэрыяльнае становiшча, адсутнасць асабiстага жылля, развод з мужам, праблемы з работай. Але дзiця ў гэтым не вiнавата — мы, дарослыя, павiнны думаць пра магчымыя наступствы. Напрыклад, Iрына вяла разгульны лад жыцця, злоўжывала спiртным, стаяла на ўлiку ў наркалагiчным дыспансеры. Калi зацяжарала, звярнулася ў бальнiцу, ёй зрабiлi аборт па сацыяльных паказчыках, бо была iмавернасць, што дзiця народзiцца нездаровае.

А вось гiсторыя Таццяны закончылася добра:

— Муж мяне кiнуў i сышоў да iншай жанчыны. Я была ў адчаi. На руках непаўналетнi сын, жыву на здымнай кватэры, зарабляю мала. Як буду гадаваць дзяцей, чым кармiць? I я рашылася на аборт. Але нешта пайшло не па маiм сцэнарыi. Дзякуючы падтрымцы акушэра-гiнеколага Iрыны Казлоўскай, урачоў, псiхолагаў я перамянiла сваё рашэнне: цяжкасцi пераадольныя, а дзецi — гэта радасць i надзея, падтрымка ў старасцi. Пасля таго як на свет з`явiлася дачушка, муж вярнуўся. На каленях прасiў прабачэння. Даравала, але не адразу. I цяпер мы жывём добра. А наша дзяўчынка наведвае садок.

— I што б вы параiлi жанчынам, якiя настойваюць на штучным перарываннi цяжарнасцi?

— Перш за ўсё моцна падумаць. Няма на свеце нiчога даражэйшага за жыццё маленькага камяка, якi вы носiце пад сэрцам. Магчыма, у будучым ён стане славутым чалавекам, асобай. Але гэта няважна — галоўнае, каб ён вырас прыстойным грамадзянiнам. А розныя жыццёвыя нягоды як прыходзяць, так i сыходзяць.

— Мне цяпер невыносна балюча ад адной толькi думкi, што я збiралася забiць сваю малечу яшчэ ў зародку. Мы з мужам жылi ў яго бацькоў. I калi свякруха пабачыла, што я цяжарная трэцiм дзiцем, стала патрабаваць, каб зрабiла аборт, у адваротным выпадку пагражала выгнаць усiх на вулiцу. Маўляў, i так цесна ў кватэры, няма дзе размiнуцца. У двухпакаёўцы сапраўды было цеснавата, але ж гэта не нагода, каб пазбавiцца ад уласнага дзiцяцi. Ад неабдуманага кроку я адмовiлася дзякуючы лагойскiм урачам. Цяпер мы займелi ўласнае жыллё, не можам нарадавацца на нашу малодшанькую. А свякрусе да гэтага часу сорамна за свае парады.

Дарэчы, акушэр-гiнеколаг Лагойскай цэнтральнай раённай бальнiцы Iрына Казлоўская атрымала званне «Жанчына года Беларусi — 2017» у намiнацыi «Ратуючы жыццё». Iрына Алегаўна яшчэ са школьнай парты хацела стаць урачом. Але на рашэнне выбраць спецыялiзацыю акушэра-гiнеколага паўплывалi вельмi цяжкiя першыя роды. У жанчыны трое дзяцей — сын i дзве дачушкi. Муж па спецыяльнасцi анестэзiёлаг-рэанiматолаг, з якiм даводзiцца часта працаваць плячо ў плячо.

Аўтар: Таццяна Лазоўская
Звязда, 30 ліпеня 2020
 
Дата публикации:30.07.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:108
 
Ключевые слова:
Лагойск Демография Аборты Роддом
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме