https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Макей пракаментаваў асобныя падзеі электаральнай кампаніі ў Беларусі


Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках сустрэчы з кіраўніком МЗС Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, пракаментаваў асобныя падзеі электаральнай кампаніі.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што выбарчая кампанія праходзіць у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. "Да ўдзелу ў выбарах дапушчаны пяць кандыдатаў, у тым ліку дзеючы Прэзідэнт і іншыя кандыдаты, якія прадстаўляюць апанентаў улады, апазіцыю. Таму гаварыць аб тым, што да ўдзелу ў выбарах не дапушчаны апазіцыйныя сілы, не даводзіцца", - канстатаваў міністр. Ён адзначыў, што не былі зарэгістраваны асобныя кандыдаты ў прэзідэнты, але гэта адбылося на аргументаваных падставах. Так, на аднаго з прэтэндэнтаў была заведзена крымінальная справа, звязаная з адмываннем грошай, другі не сабраў неабходнай для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты колькасці подпісаў.

Міністр таксама пракаментаваў сцверджанне латвійскага журналіста аб меўшых месца ў Беларусі затрыманнях удзельнікаў розных мерапрыемстваў. "Затрыманні былі ажыццёўлены за парушэнне канкрэтных правілаў, законаў, якія дзейнічаюць у Беларусі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

"Любая палітычная кампанія, што ў Латвіі, што ў Беларусі, што ў любой іншай краіне, павінна праходзіць адкрыта, транспарэнтна, справядліва, - прадоўжыў міністр. - Але нядобра, калі такія сучасныя інструменты, як сацыяльныя сеткі, Telegram-каналы выкарыстоўваюцца для штучнага ўскладнення сітуацыі (у прыватнасці, цяпер у Беларусі), для падбухторвання да канкрэтных антыўрадавых дзеянняў, для пагроз у адрас дзяржслужачых, членаў выбарчых камісій рознага ўзроўню, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Мы лічым, што такія рэчы недапушчальныя і яны павінны спыняцца".

"Уся структура дзяржаўнай улады ў Беларусі нацэлена на тое, каб падрыхтоўка і правядзенне прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ішлі ў поўнай адпаведнасці з законам і з захаваннем правоў чалавека. Але кіраўніцтва Беларусі не дапусціць, каб штучна была дэстабілізавана сітуацыя ў грамадстве, краіне або каб гэта прывяло да страты суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы", - сказаў кіраўнік МЗС.

Уладзімір Макей выказаў упэўненасць, што Беларусь здолее прайсці цяперашнюю выбарчую кампанію "спакойна, без зрываў, без збояў". "І ў канчатковым выніку захаваецца тая лінія, якая ў нас вырысавалася і з Еўрапейскім саюзам, і з заходнім светам у цэлым, і мы не будзем адкінуты (у адносінах.) назад у мінулае, у 2010 або 2006 год. Ва ўсякім разе кіраўніцтва Беларусі шчыра зацікаўлена ў тым, каб гэты паступальны рух (на ўмацаванне супрацоўніцтва з ЕС.) захаваўся і пасля сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў", - сказаў кіраўнік МЗС.

Як паведамлялася, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства сёння робіць аднадзённы рабочы візіт у Латвію. Гэту краіну ў красавіку павінен быў наведаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аднак у сувязі з успышкай каранавіруса візіт быў перанесены на больш позні тэрмін.

У сакавіку па ініцыятыве латвійскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі асноўныя аспекты двухбаковага супрацоўніцтва, галоўным чынам гандлёва-эканамічнага. Узаемны інтарэс краін-суседак у першую чаргу маюць пытанні транспартоўкі грузаў, транзіту энергарэсурсаў і вытворчай кааперацыі.

У канцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эгілса Левітса з 65-годдзем. Прэзідэнт адзначыў, што разлічвае на прадаўжэнне сумеснай працы па ўмацаванні добрасуседскіх адносін, чаму павінны садзейнічаць запланаваныя кантакты на вышэйшым узроўні. "Разлічваю, што ў хуткім часе нам удасца сустрэцца ў гасціннай Рызе для абмеркавання шляхоў паглыблення ўзаемадзеяння Беларусі і Латвіі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

24 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:24.07.2020
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:92
 
Ключевые слова:
Латвия Евросоюз Выборы в Беларуси Транзит Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме