https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Геаграфія ўдзельнікаў дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" пашыраецца


Геаграфія ўдзельнікаў рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" пашыраецца, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.
"Пашыраны міжнародны аспект акцыі. Так, сёлета на ёлкі з удзелам кіраўніка дзяржавы, на ёлкі ў Палац Незалежнасці былі запрошаны дзеці не толькі з Літвы і Латвіі, як мы рабілі гэта ў мінулым годзе, але і з Расіі, Польшчы і Украіны", - расказаў Эдуард Тамільчык.

Як адзначыла кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык, у бягучым годзе акцыя мела некаторыя асаблівасці. Упершыню па ўсёй краіне ў адзін дзень - 9 снежня - быў дадзены яе старт. Упершыню ў рэгіёнах былі праведзены навагоднія балі для студэнцкай і вучнёўскай моладзі. Яны атрымалі станоўчы водгук.

"Дзецям, аказваецца, вельмі падабаецца танцаваць паланэз, вальс. Таму, безумоўна, такая практыка правядзення навагодніх баляў у рэгіёнах захаваецца. Па-трэцяе, я адзначыла б работу СМІ, якія ў гэтым годзе як ніколі шырока асвятлялі ўсе мерапрыемствы дабрачыннай акцыі", - сказала яна.

Яшчэ адной асаблівасцю акцыі стаў актыўны ўдзел не толькі грамадскіх арганізацый, але і валанцёраў.

"Яны дапамагалі арганізоўваць мерапрыемствы, самі былі непасрэднымі іх удзельнікамі: наведвалі дзіцячыя дамы, дамы для састарэлых, інвалідаў, арганізоўвалі канцэрты, прыцягвалі вучняў школ. Дзеці ахвотна віншавалі ветэранаў, прымалі ўдзел у дабрачынных праграмах. Гэта вельмі важны аспект сумеснай нашай выхаваўчай работы", - падкрэсліла кансультант галоўнага ўпраўлення.

У час акцыі не засталіся без увагі пажылыя людзі, якія знаходзяцца ў дамах часовага ўтрымання пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала 9 снежня 2019 года і завяршылася 10 студзеня. Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведвалі дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем`і, дзіцячыя бальніцы, аказвалі ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручалі падарункі. Многія традыцыйныя мерапрыемствы акцыі былі напоўнены новым гучаннем.

"Мы ўжо думаем, як арганізаваць на яшчэ больш высокім узроўні правядзенне такіх мерапрыемстваў у наступным годзе, думаем, чым здзівіць і парадаваць нашых дзяцей", - дадала Ларыса Емяльянчык.

14 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:14.01.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:140
 
Ключевые слова:
Акция Благотворительность Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме