https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія кардыяхірургі правялі ўнікальную аперацыю на трохстворкавым клапане ў дзіцяці


Беларускія дзіцячыя кардыяхірургі ўпершыню ў свеце правялі эндаваскулярным шляхам пратэзаванне трохстворкавага клапана сэрца ў дзіцяці, паведаміў загадчык рэнтгенаперацыйнай РНПЦ дзіцячай хірургіі Павел Чарнаглаз.
Трынаццацігадовы хлопчык, у якога быў складаны прыроджаны парок сэрца, паступіў у РНПЦ дзіцячай хірургіі ў цяжкім стане. Ён ужо перанёс чатыры хірургічныя ўмяшанні. Новай пагрозай стала парушэнне працы трохстворкавага клапана, што прывяло да зніжэння насычэння крыві кіслародам.

«Трохстворкавы клапан не ў поўнай меры выконваў сваю функцыю. Ён недастаткова прапускаў кроў праз вену і не выконваў запіральную функцыю, гэта значыць яго створкі не стульваліся — і кроў падчас скарачэння страўнічка вярталася назад», — растлумачыў Павел Чарнаглаз.

Адзіным шанцам на выратаванне падлетка была аперацыя, якая складалася альбо ў замене, альбо ў пластыцы трохстворкавага клапана сэрца. Для кардыяхірургаў умяшальніцтва ў гэтай зоне і так з`яўляецца тэхнічна няпростым. Але ў гэтай сітуацыі, калі хлопчыка ўжо не аднойчы аперавалі, хірургічная карэкцыя была больш чым цяжкая. А выкананне адкрытай аперацыі мела высокую рызыку.

Пасля доўгага абмеркавання было прынята адважнае рашэнне — у пазіцыю трохстворкавага клапана імплантаваць транскатэтарны эндаваскулярны клапан.

«Такія клапаны звычайна ўжываюцца для пратэзавання клапанаў аорты, лёгачнай артэрыі. У дачыненні да натыўнага, то-бок роднага, трохстворкавага клапана, на якім раней не праводзіліся хірургічныя ўмяшанні (не ўсталёўваліся біялагічны клапан або кальцо, якія маглі б паслужыць асновай для фіксацыі прылады), такія працэдуры раней не выконваліся», — адзначыў загадчык рентгеноперационной.

Яшчэ адна асаблівасць заключалася ў тым, што падлетку ўжо імплантавалі механічны пратэз мітральнага клапана, які знаходзіцца вельмі блізка да трохстворкавага клапана. «З аднаго боку, мы разумелі, што будзе складаней, з другога — апорнае кальцо мітральнага клапана магло служыць арыенцірам для пазіцыянавання трохстворкавага клапана і апорнай кропкай для гэтага», — сказаў Павел Чарнаглаз.

Для выратавання жыцця хлопчыка спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі 20 мая правялі ўнікальную аперацыю - пратэзаванне трохстворкавага клапана з выкарыстаннем сучасных малатраўматычных методык эндаваскулярнай хірургіі. Штучны біялагічны клапан сэрца Melody быў паспяхова ўсталяваны ў трохстворкавы клапан праз невялікі катэтар у сцегнавой вене, што дазволіла пазбегнуць адкрытай аперацыі ва ўмовах штучнага кровазвароту.

На выпадак ўскладнення або пазаштатнай сітуацыі ў аперацыйнай знаходзілася брыгада кардыяхірургаў, гатовых правесці адкрытае ўмяшанне. Падрыхтавалі апарат ЭКМО, да якога можна было б экстрана падключыць пацыента, забяспечыўшы штучную цыркуляцыю крыві. На шчасце, гэта не спатрэбілася.

Пасля таго як штучны клапан устаў у патрэбную пазіцыю і была прыбраная сістэма дастаўкі, сэрца падлетка стала лепш функцыянаваць, ужо ў аперацыйнай стан пацыента значна палепшыўся. А праз суткі назірання ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі яго перавялі ў звычайнае аддзяленне. Цяпер ён рыхтуецца да выпіскі дадому.

Як адзначыў дырэктар РНПЦ Канстанцін Драздоўскі, такая аперацыя праведзена ўпершыню ў свеце. «Мы звязаліся з нашымі калегамі ў Еўропе і ЗША. Вядучыя спецыялісты паказалі ўнікальнасць выкананага ўмяшання, — сказаў ён. — Мы атрымалі запрашэнне выступіць увосень з дакладам на канферэнцыі па кардыятаракальнай хірургіі ў Еўропе. Акрамя таго, рыхтуецца публікацыя гэтага выпадку ў адным з вядучых сусветных часопісаў у галіне кардыяхірургіі».

Цэнтр штогод выконвае 1–1,2 тыс. аперацый дзецям з парокамі сэрца, з іх больш за палову — мініінвазіўным шляхам.

Звязда, 3 чэрвеня 2020
 
Дата публикации:03.06.2020
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:148
 
Ключевые слова:
Кардиохирургия Искусственный клапан Импланты Лечение в Беларуси Детская хирургия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме