https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі патрабуе выкарыстоўваць замежную бязвыплатную дапамогу выключна на сацыяльныя мэты


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 30-га красавіка на нарадзе па пытаннях паступлення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь адкрыта для фінансавання, накіраванага на сацыяльныя мэты, напрыклад, на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС, аказанне медыцынскай дапамогі, падтрымку малазабяспечаных грамадзян, інвалідаў, пенсіянераў, дзяцей.

"Мы гатовы прадаставіць розныя падатковыя льготы і прэферэнцыі. Але сродкі павінны даходзіць да канкрэтнага атрымальніка, а не растварацца па дарозе", - заявіў ён.


Прэзідэнт звярнуў увагу, што на гэты момант трэць паступленняў прамой сацыяльнай накіраванасці не мае. Напрыклад, частка сродкаў ідзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы асобных арганізацый, аплату іх агульнагаспадарчых расходаў.

"Мы такую дзейнасць ільгатаваць перасталі некалькі гадоў таму, і я думаю, што ні ў якім разе тут нельга нешта мяняць, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Я даручыў выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні парадку дзеянняў з бязвыплатнымі фінансавымі патокамі. Работа над магчымымі карэкціроўкамі вялася пад кіраўніцтвам Кіраўніка спраў, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры назначэнні дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці таксама былі пастаўлены задачы ў гэтым напрамку.

"Вынікам такой работы стаў новы праект дэкрэта. Асобныя яго нормы істотна змяняюць дзеючыя механізмы рэгістрацыі дапамогі. Таму ўнесеныя прапановы патрабуюць ўсебаковай ацэнкі і абмеркавання", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад удзельнікаў нарады хацеў бы пачуць адказы на шэраг пытанняў: наколькі аптымальным з`яўляецца прапанаваны механізм прыняцця рашэнняў аб рэгістрацыі дапамогі, вызваленні яе ад падаткаабкладання і ўзгадненні мэт выкарыстання, ці не залішне гэты парадак бюракратызаваны.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, чым абгрунтаваны памер уводзімай платы за рэгістрацыю дапамогі, што плануецца змяніць у рабоце Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы спытаў, ці ўдзельнічаюць мясцовыя органы ў рабоце з замежнай дапамогай, ці праводзяць ацэнку эфектыўнасці яе выкарыстання, як іх дзейнасць прапісана ў праекце дэкрэта.

У ліку абазначаных было таксама пытанне, наколькі рэзультатыўны кантроль з боку дзяржавы за паступленнем і выкарыстаннем дапамогі, ці не патрабуецца ўвесці якія-небудзь дадатковыя меры для прадухілення яе нямэтавага выкарыстання.

"А вось меры павінны быць самыя жорсткія, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Калі ты атрымаў гуманітарную дапамогу з-за мяжы, і тыя, хто прадастаўляе гэту гуманітарную дапамогу, гэта людзі прыстойныя, яны хочуць, каб дапамога дайшла да адрасата. І калі гэта дапамога, як я ўжо гаварыў, раствараецца па дарозе, за гэта павінна быць самая жорсткая адказнасць".

"Я ведаю, што многія з вас перажываюць за тое, што калі мы нейкую сотую долю працэнта ўвядзём за рэгістрацыю або вельмі жорстка будзем яе кантраляваць, значыць, паток гуманітарнай дапамогі можа зменшыцца. Тады і не трэба нам такая дапамога. Усё павінна быць сумленна, прынцыпова і прыстойна. Вы ж ведаеце, што ў асноўным заходнія краіны аказваюць гэту гуманітарную дапамогу. Яны заўсёды і ўсюды, на ўсіх узроўнях дэкларуюць: ніякай карупцыі. Усё павінна быць сумленна, прыстойна і даходзіць да адрасата. Вось мы гэта і павінны зрабіць. Але поўнасцю дэбюракратызаваць гэты працэс", - запатрабаваў Прэзідэнт.

30 красавіка 2020, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:30.04.2020
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:253
 
Ключевые слова:
Гуманитарная помощь Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме