https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


На Крапівенскім полі адзначылі 504-я ўгодкі Аршанскай бітвы


Паводле традыцыі, якая вядзецца зь першых год беларускай незалежнасьці, аматары гісторыі сабраліся на Крапівенскім полі, дзе 8 верасьня 1514 году адбылася славутая бітва пад Воршай.
Непадалёк ад вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну, на беразе ракі Крапіўна, увечары 8-га верасьня адбылася штогадовая імпрэза ў гонар беларускай вайсковай славы — пераможнай бітвы войска Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскім войскам.

Каб адзначыць 504-я ўгодкі гістарычнай падзеі, сюды прыехалі аршанцы, магілёўцы, віцябляне — усяго каля двух дзясяткаў чалавек.

Людзі прывезьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг і кветкі, якія ўсклалі да падножжа вялікага крыжа з надпісам «Героям аршанскай перамогі». Тут жа адбыўся невялікі мітынг, дзе прамоўцы згадвалі слаўныя гады беларускай гісторыі.

«Мы ўсе спадзяемся, што прыклад нашых прашчураў будзе натхняць нашчадкаў на добрыя справы яшчэ доўгія гады. І што любоў да Радзімы і яе сымбаляў будзе перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне як найвялікшая каштоўнасьць», — сказаў актывіст аршанскай суполкі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны.

Кветкі ўсклалі і да памятнага каменя на беразе Крапіўны, якім пазначана месца Аршанскай бітвы. І крыж, і камень зьявіліся ў гэтых мясьцінах, дзякуючы клопату аршанскіх актывістаў, якія ўсталявалі іх у пачатку 1990-х гадоў.

З таго часу на ўгодкі пераможнай бітвы, якая ўвайшла ў гісторыю, неабыякавыя людзі зьбіраюцца тут штогод, не зважаючы на міліцэйскія разгоны, якія пачаліся ў 2007-м. Сёньня ўвечары міліцыі тут заўважана не было. Нехта з удзельнікаў пасьля ўрачыстай імпрэзы скіраваўся дахаты, а нехта вырашыў застацца да раніцы, каб сустрэць сьвітанак каля сяброўскага вогнішча.

5 фактаў пра Аршанскую перамогу і тое, як яе шануюць

1. Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта найважнейшы эпізод вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім і адна з найбольш грандыёзных баталіяў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя.

30-тысячнае войска ВКЛ на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім пасьпяхова супрацьстаяла ўтрая большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку.

Гэта дало магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя дагэтуль землі, але і на шэраг гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі ставяць у адзін шэраг з такімі трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд, Кірхгольм ды іншыя.

2. Сучасныя беларускія гісторыкі ня могуць адназначна сказаць, у якім дакладна месцы разгарнулася адна з самых значных сярэднявечных баталій, адлюстраваная на карціне невядомага майстра, якая захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве.

На карціне відаць тапаграфічныя арыенціры, якія сталі вызначальным для нашых сучасьнікаў — маленькая рэчка Крапіўна або Крапівенка, і шырокі Дняпро, куды яна ўпадае. На думку аршанскіх краязнаўцаў, мясцовасьць, паказаная мастаком, можа адпавядаць ляндшафту на памежжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў у навакольлях вёскі Гацькаўшчына.​

3. У пачатку 1990-х 8 верасьня адзначалася Дзень беларускай вайсковай славы. Сьвята мела ўсе шанцы стаць афіцыйным: у 1992 годзе на Плошчы Незалежнасьці ў Менску беларусы-афіцэры прынялі вайсковую прысягу на вернасьць Беларусі. У прыняцьці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту — побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і Анатоль Грыцкевіч.

Але ў другой палове 1990-х гадоў, калі прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, афіцыйныя гісторыкі вырашылі, што адзначэньне ўгодкаў бітвы пад Воршай можа папсаваць адносіны з Расеяй. І інфармацыя пра аршанскую перамогу стала замоўчвацца, а спробы ўшанаваць гістарычную дату — карацца.​

4. Самай вядомай імпрэзай у гонар перамогі пад Воршай быў бардаўскі фэст «Аршанская бітва», запачаткаваны ў 1992-м годзе аршанскім гісторыкам Юркам Копцікам і бардам Андрэем Мельнікавым. Некалькі год запар у першыя выходныя верасьня з усёй Беларусі на Крапівенскае поле зьяжджаліся сотні людзей з намётамі. Тут, на імправізаванай сцэне, адбываліся канцэрты беларускіх бардаў, і за некалькі гадоў сярод выступоўцаў на славутым Крапівенскім полі былі бадай што ўсе беларускія аўтары бардаўскай песьні.

Так, больш ці менш маштабна фэст адбываўся да 2007 году: тады міліцыя ачапіла ўсе пад’езды да вёскі Гацькаўшчына, абвясьціўшы, што ў рацэ Крапівенцы знайшлі бомбу.

З тае пары бардаўская імпрэза трапіла пад забарону: людзей зь плецакамі і гітарамі затрымлівалі на аршанскіх вакзалах і гвалтам адпраўлялі з гораду, а некаторых нават забіралі ў пастарунак.

Фэст ня толькі перастаў быць масавым, але й перайшоў «у падпольле», ператварыўшыся ў прыватныя сяброўскія пасядзелкі каля вогнішча. Але ўжо не на Крапівенскім полі, а ў «сакрэтных месцах» паблізу.

5. Крапівенскае поле стала сымбалічным месцам. У пачатку 1990-х мясцовыя патрыёты ўсталявалі на пагорку вялікі драўляны крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі». А ўнізе, на самым беразе Крапівенкі — камень з мэмарыяльнай шыльдай.

Да 500-х угодкаў на полі зьявілася «Сьцяжына герояў» — шэраг камянёў з надпісамі і выявамі славутых дзеячаў, у тым ліку Канстанціна Астроскага.

Пад пагрозай быць затрыманымі міліцыяй на поле неаднаразова прыяжджалі беларускія дзеячы мастацтва, тут ладзілі свае пэрформансы вядомы мастак Алесь Пушкін і знакаміты віцебскі Мірон. Напярэдадні і ў дзень 8-га верасьня на Крапівенскім полі зьяўляюцца сьцягі, мясцовыя актывісты, якія апякуюцца гэтым гістарычным месцам, запальваюць тут сьвечкі ды ўскладаюць кветкі.

Радыё Свабода, 8 верасня 2018
 
Дата публикации:08.09.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:277
 
Ключевые слова:
Ворша День воинской славы ВКЛ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме