https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Энцыклапедыя палесскага жыцця ад гурта Vuraj


Рыхтуючыся да прэзентацыі альбома Lito, гурт Vuraj выпусціў відэа пра вандроўкі на Палессе. Паездкі адбываліся для збору матэрыялу, які потым лёг у аснову альбома.
У атмасферным экспедыцыйным роліку можна пабачыць краявіды і жыхароў вёсак Заверша, Горыцы, Навасёлкі, Бездзеж у Драгічынскім раёне і Чухава, Ботава, Сташаны, Лемяшэвічы на Піншчыне. Тут пейзажы ды інтэр’еры, закінутыя ды пакуль жылыя хаты, жывёлы, расліны, аўталаўка, прыдарожныя крыжы, свежапафарбаваныя цэрквы, старыя рэчы, што ўжо выйшлі з ужытку і тыя, што пакуль выкарыстоўваюцца… 

Відэаэнцыклапедыя палескага жыцця, якое паступова адыходзіць у нябыт, знікае, як той бусел, што зрываецца з месца ў апошнім кадры роліка. 

Матэрыялы, што ўвайшлі ў ролік, здымаліся з 2015 года. Людзі, як вядома, не маладзеюць, магчыма, некаторых з герояў ужо няма ў гэтым свеце.

Тлумачачы любоў да паўднёвай Беларусі, лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў кажа: “З Палесся ўсё пачыналася. Канечне, я бываў у экспедыцыях не толькі там, але першая паездка – самая запамінальная. Мы вандравалі разам з фатографам Міхаілам Лешчанкам і даследчыцай Ірынай Мазюк па Драгічынскім раёне, у 2012 годзе. А далей я пачаў самастойна арганізоўваць падарожжы, у некаторых былі са мной і музыкі гурта Vuraj. Нас нават многія называюць папулярызатарамі палескіх песень і гаворак. Напрыклад, наша назва “Вурай”, а не “Вырай”. Так кажуць у асобных рэгіёнах заходняга Палесся. А словам “літо” на Палессі завуць цыкл абрадавых песень, што выконваюцца пасля Купалля”.

Музыкі гурта Vuraj апошнія чатыры гады запісвалі песні ад старэйшых жыхароў згубленых у багнах і лясах палескіх вёсак. Альбом Litо стаў своеасаблівым падсумаваннем гэтай працы. У яго складзе – пераасэнсаваны аўтэнтычны матэрыял. Кожнай песні нададзена адметнае "вурайскае" гучанне.

Сяржук Доўгушаў тлумачыць: “Мы паспрабавалі максімальна захаваць усю магію і сакральны сэнс песень, а галоўнае – мелодыі і мікрамовы. Мы як кампазітары пачулі нешта касмічнае, натхніліся і пачалі пісаць сваю сімфонію. На альбоме Lito гучаць песні, знойдзеныя ў розных кутках Палесся. Для творчых эксперыментаў мы ўзялі толькі малую частку запісанага матэрыялу. У альбом увайшло і некалькі інструментальных твораў. Упершыню ў нашых кампазіцыях загучала колавая ліра і з’явіліся аўтэнтычныя выканаўцы”.

Акрамя ўласна песень вялікую ролю адыгралі ўражанні, атрыманыя падчас экспедыцый. Імі музыкі і паспрабавалі падзяліцца ў відэароліку. 

Грошы на альбом Lito збіралі праз краўдфандынг. Запіс, звядзенне і мастэрынг рабілі ў Варшаве. 1 лістапада адбудзецца канцэртная прэзентацыя дыска ў прасторы ОК16.

Новы Час, 11 кастрычніка 2018
 
Дата публикации:11.10.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:791
 
Ключевые слова:
Палессе Этнография Драгічын Гурт Vuraj Музыка Пінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме