https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь упершыню далучыцца да сусветнага флэшмобу, прысвечанага Міжнароднаму дню чалавека з сіндромам Даўна


У сталічным гандлёвым цэнтры Galleria Minsk з 17.00 да 19.00 пройдзе флэшмоб Lots of Socks.
Беларусь упершыню далучыцца да сусветнага флэшмобу, прысвечанага Міжнароднаму дню чалавека з сіндромам Даўна, які адзначаюць 21 сакавіка.

Для ўдзелу ў ім трэба прыйсці ў яркіх няпарных шкарпэтках, гольфах або гетрах. Можна зрабіць са шкарпэтак шалік або гальштук, прывязаць да сумкі ці ўкласці ў кішэню пінжака. Гэта дазволіць адчуць сябе не такім, як усе, і зразумець, што значыць жыць пад пільнымі і часта незычлівымі позіркамі навакольных, паведамляе арганізатар флэшмобу радыё "Мір".

Мэта акцыі — прыцягненне ўвагі грамадства да праблем людзей з сіндромам Даўна. У 2017 годзе да флэшмобу далучыліся прэзідэнт Ісландыі і прэм`ер-міністр Канады. Штогод такія мерапрыемствы праходзяць у суседніх краінах — Латвіі, Літве, Расіі і Украіне.

Акцыю падтрымалі шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, музычныя гурты DaVinci і Shuma, спявак і шоумен Тэа, тэлевядучая Вольга Рыжыкава, заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Грыбалёва, вядучая Ганна Бонд, мастачка Надзя Бука і інш. Яны ўласна размалявалі шкарпэткі, якія ўдзельнікі акцыі змогуць выйграць падчас розных конкурсаў.

Акрамя таго, удзельнікі змогуць зрабіць на шкарпэтках свае ўласныя малюнкі. Аўтары самых яркіх шкарпэтак атрымаюць падарункі, а фота іх работ будуць выкладзеныя ў сацыяльныя сеткі.

Як заявіла кіраўнік моладзевай грамадскай арганізацыі "Даўн сіндром" Вольга Шалкоўская, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, з гэтай геномнай паталогіяй нараджаецца кожнае 700-е дзіця.

"Колькасць такіх дзяцей не змяншаецца, але для маладых сем`яў стала прасцей знаходзіць інфармацыю пра сіндром Даўна, з`явіліся спецыялісты, сям`і сталі больш адкрытымі, спакойна выходзяць на вуліцу, маюць зносіны, — сказала яна. — Раней мая дачка 1986 года нараджэння не магла трапіць у дзіцячы сад, не магла вучыцца ў школе — для такіх дзяцей наогул не было навучальных праграм. А вось для маёй другой дачкі, якую я ўдачарыла 15 гадоў таму, ужо адчыніліся дзверы. Можна было выбраць надомнае навучанне, карэкцыйны клас або звычайную школу".

Аднак па-ранейшаму ёсць праблемы, падкрэсліла Шалкоўская. "Якасць навучання кульгае. Хацелася б больш лагапедаў, шматпрофільных спецыялістаў, якія б працавалі з нашай катэгорыяй дзяцей. Іх проста няма, бацькі шукаюць варыянты за вялікія грошы, — адзначыла субяседніца. — У нас няма і т`ютараў, суправаджэння для маладых людзей з сіндромам Даўна, якое б дапамагло ім ўлівацца ў грамадства. Нават у Мінску не так шмат месцаў, куды могуць прыйсці гэтыя людзі, чымсьці займацца. Недастаткова развітае працаўладкаванне людзей з гэтай паталогіяй".

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 21 сакавіка 2018
 
Дата публикации:21.03.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:510
 
Ключевые слова:
Благотворительность Синдром Дауна Генетика Мінск Международные праздники
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме