У Мінску 3 лістапада адбыўся ўстаноўчы сход асацыяцыі італьянскіх прадпрымальнікаў "Канфіндустрыя Беларусь".
Прадпрыемствы-ўдзельнікі падпісалі ўстаноўчы акт і статут асацыяцыі, а таксама абралі яе кіраўніка — ім стаў дырэктар прадпрыемства "Дрылмек-Сейсматэхніка" Марка Тоцы.
Як адзначыла прэс-служба, стварэнне асацыяцыі стала магчымым дзякуючы працы пасольства Італіі ў Мінску, намаганням Італьянскай канфедэрацыі прамысловых прадпрыемстваў, асацыяцыі "Канфіндустрыя Балгарыя", і "адкрыла новы этап у развіцці стратэгіі прасоўвання Італіі ў Беларусі".
"Канфіндустрыя Беларусь" атрымае акрэдытацыю на генеральнай асамблеі "Канфіндустрыя Усходняя Еўропа", якая пройдзе ў Сафіі 21 лістапада ў прысутнасці кіраўнікоў Італьянскай канфедэрацыі прамысловых прадпрыемстваў Вінчэнцы Бочы і Эдаарда Гароне.
"Канфіндустрыя Беларусь" падасць прашэнне ў генеральны савет Італьянскай канфедэрацыі прамысловых прадпрыемстваў у Рыме аб прызнанні яе ў якасці міжнароднага ўдзельніка канфедэрацыі да канца лістапада.
Усеагульная канфедэрацыя італьянскай прамысловасці ("Канфіндустрыя") — асноўная арганізацыя, якая абараняе інтарэсы прадпрымальнікаў у сферах прамысловасці і паслуг. Яна аб`ядноўвае на добраахвотнай аснове прыкладна 150 тыс. кампаній, у ліку якіх банкі, а з 1993 года — таксама акцыянерныя таварыствы, з агульным лікам занятых больш за 5 млн чалавек.
Згодна з апошнімі звесткамі афіцыйнай беларускай статыстыкі, тавараабарот Беларусі з Італіяй за студзень—жнівень 2017 года склаў 491,2 млн долараў, на 14,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, у тым ліку экспарт — 59 млн долараў (на 4,9 % менш), імпарт — 432,2 млн (на 18,1% больш). Адмоўнае сальда склала 373,2 млн долараў.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 3 лістапада 2017
Мінск, 3 лістапада 2017