https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства 1 верасня стартуюць у Полацку


Пра гэта паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.
Дзень беларускага пісьменства ў Полацку аб`яднаў тры святы - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 1155-годдзе горада і непасрэдна Дзень пісьменства.

Трохдзённая праграма святкавання адкрыецца 1 верасня ўрачыстай лінейкай да Дня ведаў "Мы ганаровае імя Скарыны нясём" з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, педагогаў і вучняў. Іншыя мерапрыемствы гэтага дня таксама пройдуць пад знакам моладзі і імя беларускага першадрукара.

Так, лепшыя знатакі жыццёвага шляху знакамітага земляка паспрабуюць свае сілы ў Скарынаўскай алімпіядзе. Аматары гістарычнай рэканструкцыі запрашаюцца днём у падарожжа па школе мінулага, а вечарам - на свята-фестываль сярэдневяковай культуры "Рубон".

Паклоннікаў літаратурнай і тэатральнай творчасці захопіць калейдаскоп розных праектаў, прысвечаных Скарыну: "З глыбіні стагоддзяў...", "Нашчадкі вялікага Скарыны", "У пачатку было слова...", "Мы - нашчадкі Скарыны". Яны будуць праводзіцца на працягу дня ў школах і ўстановах культуры горада.

Насычаны мерапрыемствамі наступны дзень, паколькі 2 верасня пад бой званоў усіх храмаў старажытнага горада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства.

Шматлікім удзельнікам, гасцям і журналістам давядзецца пастарацца, каб не прапусціць нічога цікавага. А ў гэту катэгорыю трапляе ўсё: маляўнічае тэатралізаванае шэсце, прысвечанае 1155-годдзю Полацка, і ўрачыстае адкрыццё Дня горада; міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў "Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання; навукова-практычная канферэнцыя "Полацкія чытанні"; фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка"; шматлікія выставачныя праекты і канцэрты.

Асобна трэба адзначыць фестываль кнігі і прэсы, цырымонію адкрыцця Памятнага знака "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" і прэзентацыю ўнікальнага мастацкага праекта "Тры Сафіі", арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

Вечарам у Полацк з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга прыбудуць удзельнікі экспедыцыі "Дарога да Святыняў".

Мерапрыемствы экспедыцыі арганічна ўвальюцца ў агульнае палатно маштабнага свята. Галоўнымі падзеямі 3 верасня стануць цырымоніі памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства", уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці.

Таксама будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя рады, а за ўвагу гледачоў будуць змагацца літаратурна-музычныя і выставачныя праекты. Яркай кропкай завяршэння Дня беларускага пісьменства ў Полацку стане канцэрт майстроў мастацтваў "Залатая калекцыя беларускай песні".

Несумненна, што ва ўсёй разнастайнасці падзей трохдзённага марафону кожны зможа знайсці штосьці цікавае для сябе. А арганізатары свята пастараліся зрабіць яго асаблівым і запамінальным для ўсіх, паколькі міжнароднае прызнанне спадчыны Францыска Скарыны пацверджана рашэннем ЮНЕСКА: 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання ўключаны ў каляндар памятных дат.

1 верасня 2017, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА
 
Дата публикации:01.09.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1144
 
Ключевые слова:
500-годдзе беларускага кнігадрукавання Полацак День города Дзень беларускага пісьменства Францыск Скарына
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме