https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


За апошнія дзесяць гадоў колькасць асоб пажылога ўзросту ў цэлым па Беларусі павялічылася на 190,1 тыс. чалавек, або на 10,8%


Такія звесткі публікуе Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка.
Згодна з прынятай у геранталогіі (навука пра старэнне і прафілактыку старэння) класіфікацыі да ліку пажылых людзей адносяцца людзі ва ўзросце 60 гадоў і больш.

У агульнай колькасці сельскага насельніцтва доля асоб гэтай узроставай групы ў Беларусі паменшылася з 28,5% на пачатак 2006 года да 27,9% на пачатак 2016 года, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — павялічылася з 14,4% да 18,5%.

На пачатак 2016 года ў Беларусі пражывала 1 млн 955,5 тыс. пажылых грамадзян, ці амаль кожны пяты жыхар краіны. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу колькасць насельніцтва ва ўзросце 60 гадоў і больш складала 1 млн 360,8 тыс. чалавек, у сельскіх населеных пунктах — 594,7 тыс. чалавек.

Жанчыны ў агульнай колькасці пажылых людзей складалі 65% (1 млн 267,3 тыс. чалавек), мужчыны — 35% (688,2 тыс. чалавек). На пачатак 2016 года на 1.000 пажылых мужчын прыпадала 1.841 пажылая жанчына, пры гэтым у гарадскіх паселішчах — 1.834, у сельскіх населеных пунктах — 1.859 жанчын.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў жніўні 2016 года на ўліку знаходзілася 2 млн 605,6 тыс. пенсіянераў, з якіх 2 млн 147,5 тыс. чалавек (82,4%) — атрымальнікі пенсій па ўзросце. Ва ўзросце 60 гадоў і больш працоўныя пенсіі атрымлівалі 1 млн 861,8 тыс. чалавек, з іх 325,9 тыс. чалавек (17,5%) — пенсіянеры, якія працуюць.

Сярэдні памер прызначаных пенсій у жніўні 2016 года склаў 283,5 рубля, што ў 2,1 разу перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў. Сярэдні памер пенсій па ўзросце склаў 291,4 рубля, мінімальны памер пенсіі па ўзросце — 214,4 рубля.

За апошнія 10 гадоў чаканая працягласць жыцця жыхароў рэспублікі павялічылася на 5,1 года, у жанчын — на 3,8 года, у мужчын — на 5,7 года. У 2015 годзе яна склала 73,9 года, у тым ліку ў жанчын — 78,9 года, у мужчын — 68,6 года.

У 2015 годзе ў сталым узросце заключылі шлюбны саюз 1.091 жанчына і 1.705 мужчын, пры гэтым у 855 выпадках абодва былі ва ўзросце 60 гадоў і больш.

Як адзначыў Белстат, з кожным годам сярод пажылых людзей расце доля асоб, якія займаюцца фізкультурай і спортам. Калі ў 2005 годзе гэты паказчык складаў 7,1%, у 2010 годзе — 15,3%, то ў 2016 годзе кожны пяты (21%) з ліку асоб пажылога ўзросту займаецца фізкультурай і спортам. Пры гэтым 93,4% займаюцца фізкультурай самастойна, 6,6% — наведваюць арганізаваныя заняткі.

Усё больш пажылых людзей становяцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту. Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у 2015 годзе доля карыстальнікаў паслугамі інтэрнэту сярод асоб сталага веку склала 16,9%.

Сярод пажылых людзей, якія жывуць у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, інтэрнэтам карыстаецца 20,5%, сярод пажылых вяскоўцаў — 8,5%. Пры гэтым большасць карыстальнікаў гэтай узроставай групы (41,9%) уваходзяць у інтэрнэт штодня, у гарадской мясцовасці — 42%, у сельскай — 41,7%.

Найбольш папулярнай мэтай выкарыстання інтэрнэту сярод людзей сталага ўзросту з`яўляецца пошук інфармацыі. З гэтай мэтай ўваходзяць у сетку 88,3% карыстальнікаў сталага ўзросту.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 кастрычніка 2016
 
Дата публикации:01.10.2016
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:638
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси День пожилых людей Демография Продолжительность жизни
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме