Як раней паведамлялася, у красавіку актывістамі руху было сабрана больш за 300 подпісаў пад зваротам у гарвыканкам і аблвыканкам, а таксама да дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў у рамках грамадскай кампаніі "За добрыя дарогі — 2017".
Зараз актывісты фатаграфуюць разбітыя дарогі ў розных частках Магілёва і размяшчаюць здымкі ў сваёй групе ў сацыяльнай сетцы "УКантакце". "Я хачу сабраць гэтыя фатаграфіі і накіраваць іх у Адміністрацыю прэзідэнта на імя Аляксандра Лукашэнкі. Таму што тут пісаць бескарысна, ідуць адпіскі фармальныя, што яны працуюць і гэтак далей і да таго падобнае. Трэба ў Мінск адпраўляць, а там няхай разбіраюцца", — заявіў актывіст ініцыятывы па стварэнні базы звестак разбітых дарог Магілёва, кіраўнік інфармацыйна-практычнай установы "Магілёўскі цэнтр бяспекі руху" Ілья Палоннікаў.
Паводле яго слоў, з 2013 года стан магілёўскіх дарог пагаршаецца. "З 2013 года, калі пачаліся нашы акцыі, дарогі толькі пачалі псавацца. Яшчэ быў Станіслаў Барадаўка старшынёй гарвыканкама. Потым прыйшоў Уладзімір Цумараў, і мы спадзяваліся, што дарогі палепшацца. Але з 2013 года дарогі прыйшлі ў запусценне", — сказаў актывіст.
Як раней паведамлялася, у красавіку 2013 года прыблізна 20 аўтамабілістаў узялі ўдзел у двух аўтапрабегах "За добрыя дарогі" ў Магілёве. Актывісты спадзяваліся, што прызначаны вясной 2013 года новы старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў зверне больш пільную ўвагу, чым яго папярэднік Станіслаў Барадаўка, на стан дарог. Аднак, нават нягледзячы на ўвядзенне дарожнага збору з аўтамабілістаў, іх надзеі не апраўдаліся.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
Магілёў, 3 мая 2017
Магілёў, 3 мая 2017