https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з адкрытым лістом да пісьменніцы Святланы Алексіевіч у сувязі з яе выказваннем аб католіках


Тэкст ліста апублікаваны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
"Калі ў 2015 годзе Вы атрымалі Нобелеўскую прэмію, я, прымаючы ўдзел у працы Сінода Біскупаў на тэму сям`і ў Ватыкане, папрасіў слова і аб`явіў аб тым, што Вы сталі лаўрэатам самай прэстыжнай прэміі па літаратуры — і біскупы ўсяго свету Вам апладзіравалі. Уся Беларусь таксама радавалася гэтай знакавай падзеі", — адзначыў Кандрусевіч.

"Сёння я з вялікім смуткам і трывогай успрыняў Вашы словы: "Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна", — піша мітрапаліт. — З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з`яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету".

"Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрыняты як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства", — лічыць Кандрусевіч.

"Спадзяюся, што ў Вашых словах не было благога намеру ў адрас католікаў нашай Радзімы. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы", — гаворыць кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі.

"Выказваю надзею, што нягледзячы на Вашу нецаркоўнасць, Вы з павагай будзеце ставіцца да натуральнага права чалавека на рэлігійную свабоду, якую яму таксама гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Ад усяго сэрца жадаю Вам, каб Вашы намаганні як лаўрэата Нобелеўскай прэміі спрыялі гарманічнаму і мірнаму развіццю нашага грамадства", — падкрэслівае ў лісце Кандрусевіч.

Святлана Алексіевіч падчас прамой лініі ў эфіры расійскага тэлеканала "Дождж" 9 чэрвеня выказала меркаванне, што людзі ва Украіне і Расіі не хочуць ваяваць адзін з адным, канфлікт падаграваюць улады, пераследуючы геапалітычныя інтарэсы.

Яна падкрэсліла, што лічыць далучэнне Крыма да Расіі ў 2014 годзе акупацыяй. "Вайна — тая, якую пачала Расія ў Данбасе, — гэта на сумленні Расіі. Таму што такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю — там католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна", — лічыць Алексіевіч.

"Чалавек, — адзначыла яна, — даволі недасканалая і вельмі палітычная істота". Аднак "людзі не жывуць палітыкай", таму "ім можна ўкласці ў галаву ўсё што хочаце", дадала пісьменніца.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2017
 
Дата публикации:10.06.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:959
 
Ключевые слова:
Светлана Алексиевич Нобелевская премия Религия Римско-католическая церковь Права человека Ксенофобия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме