Міжнароднае грамадскае аб`яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) выступілі з сумеснай заявай, дзе выказалі свой пратэст супраць палітычнага пераследу 26 грамадзян, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у Беларусі.
У заяве адзначаецца, што пасля перыяду "ўяўнай лібералізацыі і пачатку доўгачаканага дыялогу з дэмакратычнымі краінамі" ўлада зноў пачала прымяняць гвалт у дачыненні да "мірных дэманстрантаў, грамадскіх актывістаў, дзеячаў культуры", практыкаваць "арышты і збіццё ўдзельнікаў негвалтоўнага супраціву".
Аўтары дакумента падкрэслілі, што грамадскае напружанне, якое выліліся ў мірныя акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі, спарадзілі "сістэмны эканамічны крызіс", а таксама "шэраг непапулярных заканадаўчых захадаў з боку дзяржавы", у тым ліку дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Аднак на рэакцыю грамадства дзяржава адказала масавымі затрыманнямі і арыштамі.
"Нечуваныя па сваіх маштабах і жорсткасці рэпрэсіі займелі працяг у фабрыкаванні крымінальнай справы па артыкуле "Арганізацыя масавых беспарадкаў" у дачыненні да 26 грамадзян, — адзначаецца ў заяве. — Сярод іх апынуліся палітыкі, грамадскія актывісты, распаўсюднікі беларускай кнігі, а таксама шараговыя грамадзяне. Усе яны былі затрыманыя прэвентыўна і не мелі ніякага дачынення да арганізацыі і правядзення ні папярэдніх акцый пратэсту, ні святкавання Дня Волі, што ладзілася 25 сакавіка".
На думку аўтараў дакумента, затрыманні па гэтай справе праводзіліся "гвалтоўна і нагадвалі выкраданні людзей невядомымі асобамі ў цывільным". Сваякі і адвакаты пэўны час не мелі інфармацыі пра месцазнаходжанне зняволеных, іх здароўе і прычыны арышту.
Аўтары дакумента перакананыя, што крымінальная справа, паводле якой 26 затрыманым "інкрымінуецца падрыхтоўка і навучанне асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках", носіць "выключна палітычны характар, з`яўляецца бяздоказнай і мае адзіную мэту — запалохаць грамадства і адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблем у краіне".
З улікам абставін, ЗБС "Бацькаўшчына" і СБП у сваёй заяве выказваюць "абурэнне хваляй палітычных рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці" і патрабуюць ад уладаў "спыніць рэпрэсіі, неадкладна вызваліць усіх зняволеных і зняць несправядлівыя абвінавачанні", а таксама "прыцягнуць да адказнасці тых службовых асобаў, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян".
Аўтары заявы заклікалі міжнародную супольнасць і кіраўніцтва дэмакратычных краін "рашуча адрэагаваць на рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі" і запатрабаваць ад беларускіх уладаў "забеспячэння правоў чалавека і выканання нормаў законнасці".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2017
Мінск, 28 сакавіка 2017