Паводле слоў актывіста, як і ў папярэднія гады, дыктоўка адбылася ў белай зале абласнога Палаца культуры, але ўпершыню суарганізатарам мерапрыемства, нароўні з гэтай установай культуры, ТБМ і творчым клубам "Натхненне", выступіла абласная арганізацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі.
"Мы пісалі дыктоўку па ўрыўку з празаічнага твора Міхася Стральцова "Сена на асфальце". Ён наш зямляк, і сёлета яму споўнілася б 80 гадоў. Чытала Ганна Бандарэнка — настаўніца беларускай мовы і літаратуры з гімназіі № 1", — паведаміў Дзьячкоў.
Ён таксама адзначыў, што пасля дыктоўкі ў кіназале Палаца культуры адбылася літаратурная імпрэз. У ёй узялі ўдзел, у прыватнасці, тры вучаніцы школы № 34 з адзінага ў Магілёве першага класа з беларускай мовай навучання. Яны паставілі сцэнку і чыталі вершы. Таксама выступалі магілёўскія літаратары Алесь Казека, Сяргей Украінка, члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія прачыталі свае творы. Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць расказаў прысутным пра Міхася Стральцова, а таксама пра пісьменнікаў Алеся Пісьмянкова, Янку Брыля, Пімена Панчанку, круглыя даты дня нараджэння якіх прыпадаюць на 2017 год.
Таксама, паводле слоў арганізатара дыктоўкі, з прывітальным словам выступіў кіраўнік магілёўскай украінскай дыяспары Генадзь Гузій. Ён з задавальненнем адзначыў, што беларуская мова і беларуская культура становяцца ўсё больш папулярнымі сярод беларусаў.
Магілёў, 19 лютага 2017
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАНМагілёў, 19 лютага 2017