https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Абноўлены Дом кнігі адкрыецца ў Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове


Аб гэтым 19 жніўня паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове.
Свае дзверы абноўлены Дом кнігі з кніжным магазінам "Першацвет", а таксама бібліятэкай і чытальнай залай адчыніць адразу пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Менавіта Міністэрства інфармацыі выступіла з ініцыятывай падарыць жыхарам Рагачова гэты важны сацыяльны аб`ект.

Акрамя таго, у час святкавання Дня беларускага пісьменства адбудзецца ўручэнне Літаратурнай прэміі. Паводле слоў Ліліі Ананіч, на яе саісканне было пададзена больш як 70 твораў. Лепшых аўтараў вызначаць па сямі намінацыях.

Пераможцам уручаць памятныя знакі-сімвалы, дыпломы і грашовыя ўзнагароджанні. Да Дня беларускага пісьменства Міністэрства інфармацыі падрыхтавала тэматычныя выданні, прысвечаныя гораду Рагачову.

Гэта кнігі "Народная и духовная культура Рогачевского края", зборнік "Добры дух зямлi Дняпроўскай", кніга-альбом "Рогачев". "Гэтыя выданні плануюцца як для рэалізацыі ў гандлёвай сетцы, так і для наступнага выкупу часткі тыражу Гомельскім аблвыканкамам і Рагачоўскім райвыканкамам", - сказала Лілія Ананіч.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства будзе праходзіць рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарогамі святыні", якая пачнецца 31 жніўня і завершыцца 4 верасня.

Маршрут экспедыцыі пройдзе па пяці раёнах Гомельскай вобласці і Гомелі. У яе склад увойдуць прадстаўнікі духавенства і творчай інтэлігенцыі.

Плануецца, што ў кантэксце свята пройдзе міжнародны круглы стол пісьменнікаў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі 12 краін. Сярод іх Азербайджан, Вялікабрытанія, Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Сербія, Славакія і інш. Таксама ўпершыню ў свяце прымуць удзел дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа.

Усяго ў праграму Дня беларускага пісьменства плануецца ўключыць больш за 70 мерапрыемстваў. У іх ліку навукова-практычная канферэнцыя, выстаўка СМІ, свята літаратурных дажынак.

Цікавасць выклічуць літаратурныя падворкі і такая форма інтэлектуальнай забавы, як літаратурныя квесты. Акрамя таго, будзе працаваць пляцоўка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Лілія Ананіч адзначыла, што Міністэрствам інфармацыі забяспечана поўная каардынацыя падрыхтоўкі свята. Усімі дзяржаўнымі органамі выкананы або знаходзяцца ў завяршальнай стадыі даручэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта.

Міністр запэўніла, што будзе зроблена ўсё неабходнае, каб свята прайшло на высокім узроўні.

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Рагачове 4 верасня, аднак інтэрактыўныя пляцоўкі пачнуць працаваць ужо 3 верасня.

Дзень беларускага пісьменства з`яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню яно прайшло ў 1994 годзе ў Полацку.

19 жніўня 2016, Гомель
Юлія Лысенка - БЕЛТА
 
Дата публикации:19.08.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:777
 
Ключевые слова:
Рагачоў Дзень беларускага пісьменства Полацак Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме