https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Доўгае вяртанне


У гэтыя дні ўспамінаюць Тадэвуша Касцюшку.
Герой двух кантынентаў, брыгадны генерал арміі ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі і Польшчы, наш зямляк, бо сябе ён называў ліцвінам, нарадзіўся 4 лютага па адных звестках — у Сяхновічах Жабінкаўскага раёна, па іншых — у Мерачоўшчыне Івацэвіцкага.

У Сяхновічах цяпер стаіць адзіны на Беларусі помнік — бюст, выраблены яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя Альбінай Відацкай, а ў Мерачоўшчыне працуе музейны комплекс, адроджаная сядзіба Касцюшкаў. Намаганнямі работнікаў музея, фундатараў, дыпламатаў краін, дзе шануюць памяць героя, сабралася неблагая экспазіцыя.

А 4 лютага тут заўсёды праходзіць памятнае мерапрыемства. Гадоў дзесяць таму імпрэзы былі вельмі прадстаўнічымі, збіраліся паслы і дзяржаўныя дзеячы. Цяпер сходы сталі больш сціплымі, ды ад гэтага не менш значнымі. І раней, так супадала, у гэты дзень стаялі моцныя маразы, цяпер жа звычайнымі сталі адлігі і непагадзь. Усё мяняецца.

Дык вось на адным з такіх мерапрыемстваў гадоў з дзясятак таму, калі выступоўцы згадвалі вехі біяграфіі неардынарнага чалавека, калега сказаў задуменна: «Каб не адмовілі яму бацькі каханай, не было б ніякага героя двух кантынентаў, не ваяваў бы ён у далёкай Амерыцы, не кіраваў бы паўстаннем 1794 года. Асеў бы ў маёнтку ды жыў як звычайны памешчык».

Хто ведае, можа, і так склалася б жыццё бліскуча адукаванага і надзвычай таленавітага чалавека. У Амерыцы ён вызначыўся як ваенны інжынер, што ўдала ўзводзіў фартыфікацыйныя збудаванні, на радзіме засталіся музычныя творы, яшчэ ён пісаў карціны і выкладаў выяўленчае мастацтва.

Менавіта апошняе сыграла ракавую ролю. Сямейныя фінансавыя праблемы прымусілі маладога Тадэвуша наняцца хатнім настаўнікам да смаленскага ваяводы, а пазней гетмана польскага Вялікага Княства Літоўскага (па-нашаму, губернатара) Язэпа Сасноўскага навучаць яго дачок Людвіку і Кацярыну маляванню.

Яе звалі Людвіка. Яна хутка запоўніла сабой душу маладога чалавека. Каханне было ўзаемным. Яны адважыліся на адчайны крок — вырашылі збегчы і павянчацца тайна. Калі б план удаўся, хто ведае, можа, бацька змірыўся б. Але верныя слугі данеслі гаспадару. Гнеў яго быў вялікі і скандал таксама. «Галубкі не для вераб`ёў, а дочкі магнатаў не для шляхцюкоў», — паставіў кропку ў любоўнай гісторыі гетман.

Што заставалася Тадэвушу? Ён паехаў у Францыю, потым у Амерыку, дзе ваяваў адчайна, рызыкоўна, нібы шукаў смерці. Ды калі ён не баяўся кастлявай, то яна баялася яго, і ён нязменна заставаўся жывы. Сваё новае каханне ён сустрэў праз многа гадоў зноў на роднай зямлі. Новаму таксама не ўсміхнуўся лёс. Юлія была на 27 гадоў маладзейшай. І бацька, хоць і не гетман, стаў на шляху закаханых. Не спазнаўшы асабістага шчасця, Касцюшка ўсё жыццё змагаўся за волю і шчасце іншых...

Не ведаю, ці ўзрадавалася б яго душа, але ўжо ж дакладна не пярэчыла б таму, што ў ягонай мемарыяльнай сядзібе на адным з вадаёмаў абсталявалі востраў Кахання.

І хутка стала традыцыяй, што маладыя пары пасля рэгістрацыі з райцэнтра прыязджаюць на востраў. Вядома, напачатку ўскладаюць кветкі да валуна з мемарыяльнай дошкай у гонар вялікага земляка.

А апошнімі гадамі ў музеі сталі рэгістраваць шлюб. Пасля ўрачыстасці маладыя сужэнцы ўваходзяць на востраў разам. Адна дзяўчына расказала супрацоўнікам музея, што яна загадала жаданне быць з каханым на мосціку вострава, і хутка хлопец зрабіў прапанову, а праз тры месяцы яна ўзышла на гэты мосцік у вясельнай сукенцы разам з суджаным. Пасля таго работнікі музея сталі рэкамендаваць усім наведвальнікам хадзіць на востраў Кахання і прамаўляць там свае самыя запаветныя мары. Турыстам тут, вядома, расказваюць пра гісторыю Тадэвуша і Людвікі.

Вось такім чынам наш забыты зямляк пакрысе вяртаецца на радзіму. А майму апаненту, які выказаў сумненне ў багатай біяграфіі героя двух кантынентаў у выпадку яго шчаслівага шлюбу, я нагадала маніфест Касцюшкі.

Перад смерцю непапраўны рамантык напісаў дакумент палітычнага зместу: «Глыбока адчуваючы, што прыгонны стан супярэчыць закону прыроды і дабрабыту народа, я сведчу гэтым лістом, што знішчаю яго цалкам на вечныя часы ў маёнтку маім Сяхновічы».

Але цар не дазволіў увасобіць названы маніфест, да адмены прыгоннага права ў Расійскай імперыі заставалася больш як сорак гадоў. Цікава, а што магло б быць, каб прыгоннае права адмянілі ў асобна ўзятых Сяхновічах? Яшчэ адно паўстанне, рэвалюцыя? Але ж гісторыя не церпіць умоўнага ладу, усё адбылося, як адбылося.

Нам застаецца згадаць Касцюшку роўна праз дзвесце гадоў пасля яго смерці, у дзень яго нараджэння на яго радзіме.

Аўтар: Святлана Яскевiч
yackevіch@zvіazda.by
Звязда, 2 лютага 2017
 
Дата публикации:02.02.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:950
 
Ключевые слова:
Тадэвуш Касцюшка ВКЛ Беларусы ў свеце
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме