Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) Мітрапаліт Павел выказаўся супраць нацыянальнай беларускай царквы: ён параўнаў ідэю нацыянальнай царквы са спакусай Эвы д’яблам і заявіў, што пад лёзунгамі свабоды і незалежнасьці прыхільнікі аўтакефаліі «спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб’ядноўвае людзей, а разьядноўвае».
Філёзаф Уладзімер Мацкевіч разважае аб «сымфоніі» праваслаўнай царквы зь дзяржаваю і аб пагрозе незалежнасьці Беларусі ад таго, што сымфонія гучыць з Расеяй:
«Калі ёсьць нацыянальная дзяржава, павінна быць аўтакефальная праваслаўная царква. Бо старая праваслаўная традыцыя сымфоніі дзяржавы і царквы, яшчэ бізантыйскі прынцып сымфоніі, прадугледжвае менавіта вельмі шчыльнае ўзаемадзеяньне царквы і дзяржавы.
А паколькі сёньня нашая праваслаўная царква мае сымфонію з расейскай дзяржавай, то, адпаведна, выказваньні і ўчынкі герархаў Беларускай праваслаўнай царквы, падпарадкаваных патрыярху Расейскай праваслаўнай царквы, сугучныя маскоўскай дзяржаве. Так што прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі Расейскай праваслаўнай царквы ёсьць пагрозай нашаму дзяржаўнаму сувэрэнітэту.
Сёньня таго ранейшага ўзаемадзеяньня царквы і дзяржавы няма, але праваслаўная царква ня можа існаваць у цалкам сэкулярным, адасобленым выглядзе. Мы бачым, што Беларуская праваслаўная царква знаходзіцца ў зусім іншым стане, чым іншыя канфэсіі: каталіцкая, пратэстанцкія... Ёсьць юрыдычнае аддзяленьне царквы ад дзяржавы, а ёсьць фактычная прысутнасьць царквы ў дзяржаўных дзеяньнях і ідэалёгіі ў большай ступені, чым гэта было б варта.
І справа ня толькі ў аддзяленьні царквы ад дзяржавы, а яшчэ і роўнасьці правоў канфэсіяў і свабоды веравызнаньня.
Адзяржаўленьне царквы ці занадта вялікая прысутнасьць царквы ў дзяржаве пазбаўляе чалавека свабоды, парушае свабоду веравызнаньня. Што і адбываецца. А праявамі гэтага могуць быць і ваенізаваныя праваслаўныя лягеры, і крыжовыя хады з харугвамі з нагоды палітычных падзеяў, і далучэньне палітычных асобаў да ліку «сьвятых», як гэта адбываецца зь Мікалаем ІІ, а то і са Сталіным.
Адзяржаўленьне царквы ці занадта вялікая прысутнасьць царквы ў дзяржаве пазбаўляе чалавека свабоды, парушае свабоду веравызнаньня. Што і адбываецца. А праявамі гэтага могуць быць і ваенізаваныя праваслаўныя лягеры, і крыжовыя хады з харугвамі з нагоды палітычных падзеяў, і далучэньне палітычных асобаў да ліку «сьвятых», як гэта адбываецца зь Мікалаем ІІ, а то і са Сталіным.
Калі царква адзіная для Расеі і Беларусі, яна можа быць у сымфоніі толькі з Масквой. А паколькі мы хочам быць сувэрэннай, незалежнай дзяржавай, нам патрэбная аўтакефальная, незалежная ад Масквы праваслаўная царква. Мне цяжка сказаць, ці ёсьць на гэта рэсурсы, рознае чуў. Ведаю, што ёсьць і плыні, і сьвятары, і вернікі, якія падтрымалі б гэтую ідэю. Але яе трэба тлумачыць, бо гэта палітычная праблема, а ня толькі праблема самой царквы.
У кожнай незалежнай дзяржаве, дзе ёсьць праваслаўе, ёсьць незалежная аўтакефальная праваслаўная царква: альбанская, баўгарская, грэцкая, польская, румынская, цяпер і ўкраінская зьяўляецца... Патрэбная і беларуская».
Радыё Свабода, 3 студзеня 2017
Радыё Свабода, 3 студзеня 2017