Нацыянальная акадэмія навук Беларусі збіраецца правесці "навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў", якія адказалі б на пытанне пра магчымасць надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
27 кастрычніка актывісты "Маладога фронту" (зарэгістраваны ў Чэхіі) перадалі ў Міністэрства культуры 10 тысяч 540 подпісаў, сабраных пад зваротам аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У адказе, які атрымаў 23 снежня пры наведванні Мінкультуры адзін з лідараў "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, гаворыцца, што ў пададзенай прапанове "не ўтрымліваецца дакументальнага яе абгрунтавання", а таксама "поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці".
Акрамя таго, адзначае Мінкультуры, "асобныя факты не падмацаваныя дакументальнымі крыніцамі, што не дазваляе прыняць іх у якасці абгрунтавання неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прапанаванаму элементу".
Акрамя таго, адзначае Мінкультуры, "асобныя факты не падмацаваныя дакументальнымі крыніцамі, што не дазваляе прыняць іх у якасці абгрунтавання неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прапанаванаму элементу".
У сувязі з гэтым міністэрства перадало прапанову аб наданні статусу нематэрыяльнай каштоўнасці бел-чырвона-беламу сцягу ў Нацыянальную акадэмію навук. У адпаведнасці з заканадаўствам НАН можа правесці "навуковую апрацоўку нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека і вызначыць яе адпаведнасць аднаму або некалькім крытэрам адбору для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці".
Пры гэтым паведамляецца, што Міністэрства культуры ўжо атрымала з НАН інфармацыю, згодна з якой для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання калектыўнай прапановы грамадзян "неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы навукоўцаў і адпаведных фінансавых выдаткаў". Прадстаўнікі Акадэміі навук таксама адзначылі, што "выкананне гэтай працы будзе ажыццяўляцца з улікам выдзялення сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе".
Каментуючы атрыманы адказ, Дашкевіч, з аднаго боку, выказаў здзіўленне з нагоды "глупства фармулёвак", а з іншага — убачыў станоўчы момант у абяцанні НАН правесці работу па вывучэнні пытання. Пры гэтым ён прапануе ўсім "добра папрацаваць над тым, каб пашырыць кола патрыётаў нашага сапраўднага сцяга".
Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" былі ўзаконеныя ў якасці дзяржаўнай сімволікі 19 верасня 1991 года Вярхоўным Саветам 12-га склікання. 14 мая 1995 года па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі прайшоў рэферэндум, у выніку якога гэтыя дзяржаўныя сімвалы замянілі сцягам і гербам, створанымі на аснове сімволікі БССР.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 23 снежня 2016
Мінск, 23 снежня 2016