https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Фігуранты "справы сямнаццаці" прыгавораныя да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі


У Мінскім гарадскім судзе 13 снежня абвешчаны прысуд па справе найбуйнейшай наркасеткі ў Беларусі.
Галоўны фігурант — 31-гадовы мінчанін Канстанцін Вілюга — прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Судовы разбор вёўся з 29 лютага. На лаве падсудных былі 17 абвінавачаных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ і адзін — галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

У абвінавачанні адзначана, што злачынная група мела разгалінаваную наркасетку як у Беларусі, так і ў Расіі. Анлайн-магазін па продажы спачатку дазволеных, а затым забароненых рэчываў называўся LegalMinsk. Перыяд злачыннай дзейнасці — з 2011 па 2014 гады. 

Абвінавачаным ставілі ў віну здзяйсненне васьмі злачынстваў: на падставе чч. 1, 2, 3 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй); чч. 1, 3, 4 ст. 328 (незаконны абарот наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў); ч. 1 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэнне цераз мяжу наркатычных, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў); ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць); ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі); ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады); ч. 2 арт. 209 (махлярства); ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

Суд палічыў, што віна ўсіх 17 фігурантаў справы даказаная, і прызначыў наступнае пакаранне: галоўнаму кіраўніку злачыннай групы Канстанціну Вілюге — 20 гадоў пазбаўлення волі; былым супрацоўнікам КДБ Ігару Карыцкаму і Дзмітрыю Вераценскаму — 14 і 15 гадоў пазбаўлення волі адпаведна; былому супрацоўніку ГУБАЗіК Канстанціну Дзенісевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі. Усе трое пазбаўленыя спецыяльных званняў.

Былая дзяўчына Вілюги, 27-гадовая Ірына Семяняка, якая з`яўляецца грамадзянкай Расіі, прыгаворная да 16 гадоў пазбаўлення волі. Арганізатар злачыннай групы ў Мінску Аліна Церагера — да 18 гадоў пазбаўлення волі, яе былы хлопец Яўген Цімахоўцаў — да 16 гадоў.

Саўдзельнікі Вілюгі ў Маскве — распаўсюднікі, якія, згодна са звесткамі следства, працавалі ў расійскіх філіялах, — таксама атрымалі сур`ёзныя тэрміны: Андрэй Працэвіч — 7 гадоў пазбаўлення волі, Фёдар Бухавец — 12 гадоў, Марат Багель — 8 гадоў. Апошні заключыў здзелку са следствам, ён таксама знаходзіцца ў вышуку ва Украіне за здзяйсненне там разбою.

Акрамя таго, у справе фігуруюць распаўсюднікі спайсаў ў Беларусі: Дзмітрый Гаўрык (прыгавораны да 17 гадоў 3 месяцаў пазбаўлення волі), Антон Марозаў (12 гадоў), Віталь Міхайлоўскі (16 гадоў), Максім Гайдук (15 гадоў пазбаўлення волі).

Прымусовае лячэнне ад наркаманіі прызначанае ў якасці пакарання Сяргею Дамашкевічу (у дадатак да 12 гадоў калоніі) і Фёдару Страбкову (у дадатак да 2 гадоў пазбаўлення волі). Іх судзілі, па сутнасці, за адну дозу наркотыку, якую яны абодва ўжылі.

Самае мяккае пакаранне прызначанае 28-гадоваму Фёдару Артамонаву, у якога пры затрыманні выявілі псіхатроп. Малады чалавек не стаў утойваць, што набыў рэчыва ў асабістых мэтах. За гэта яго прыгаварылі да чатырох гадоў абмежавання волі.

Суд таксама прыняў рашэнне канфіскаваць маёмасць большасці фігурантаў справы і спагнаць з іх даход, атрыманы злачынным шляхам: згодна са звесткамі следства, гэта прыблізна 1,6 млн долараў.

Большасць абвінавачаных не прызналі віну. Яны маюць права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.

Адар`я Гуштын, БелаПАН
Мінск, 13 снежня 2016
 
Дата публикации:13.12.2016
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:571
 
Ключевые слова:
Криминал Наркоторговля Психотропы Спайсы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме