https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Яшчэ тры водна-балотныя ўгоддзі Беларусі атрымалі міжнародны статус


Аб гэтым паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута перад пачаткам прэзентацыі Нацыянальнай стратэгіі па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў.
"Тры новыя водна-балотныя ўгоддзі атрымалі міжнародны статус ахоўных тэрыторый, дадаткова да тых сямнаццаці, якія вызначаны раней", - сказаў міністр. Размова ідзе аб такіх тэрыторыях, як "Палеская даліна ракі Буг", "Сэрвач" і "Вілейты".

"Сёння адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў, таму вельмі сімвалічна, што мы прэзентуем нашу Нацыянальную стратэгію па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў", - адзначыў Андрэй Каўхута.

Як растлумачыла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка, тры беларускія тэрыторыі ўключаны ў Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў.

"Гэтыя тэрыторыі пападаюць ужо, у нейкай ступені, у зону адказнасці міжнародных арганізацый. Таму будзе лягчэй рыхтаваць праекты і звяртацца да донараў па атрыманне сродкаў на аднаўленне і развіццё гэтых угоддзяў", - адзначыла яна.

Беларусь з`яўляецца краінай Рамсарскай канвенцыі (Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях) з 1999 года, калі заказнік "Спораўскі" быў першым з беларускіх водна-балотных угоддзяў уключаны ў Рамсарскі спіс. Нацыянальная стратэгія па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў была адобрана пастановай Савета Міністраў 30 снежня 2015 года.

Асноўны прынцып устойлівага развіцця тарфянікаў заключаецца ў тым, што ўсе прыродныя тарфяныя балоты (агульнай плошчай амаль 863 тыс. га) падлягаюць ахове, гаспадарчая дзейнасць можа весціся толькі на раней асушаных і неэфектыўна выкарыстоўваемых тарфяніках.

Акрамя таго, прадугледжваецца экалагічная рэабілітацыя парушаных балот. Паспяховая рэалізацыя стратэгіі дасць магчымасць Беларусі да 2030 года захаваць у натуральным стане 684 тыс. га балот, аднавіць не менш як 75 тыс. га парушаных тарфянікаў, захаваць больш як 7 млрд куб.м запасаў прэснай воды, утрымаць амаль 500 млн т вугляроду ад пападання ў атмасферу.

2 лютага 2016, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:02.02.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:883
 
Ключевые слова:
Международный день болот Охрана природы Экология Торфяники
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме