Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Ён грунтуецца на дзеючых цяпер нормах законаў «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб творчых саюзах і творчых работніках», «Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».
Кодэксам прадугледжваецца стварэнне на базе існуючых прававых інстытутаў адзінага механізму рэгулявання адносін у сферы культуры і адначасовае ўстараненне недахопаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы, забяспечваецца скарачэнне прававых актаў па пытаннях культуры і іх упарадкаванне.
У мэтах захавання культурных каштоўнасцяў, развіцця арганізацый культуры і забеспячэння агульнадаступнасці культурных здабыткаў кодэксам вызначаюцца прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці і рэгулююцца праваадносіны ў наступных сферах: захаванне і развіццё культурных каштоўнасцяў, ахова гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны; бібліятэчная і музейная справа; кінематаграфічная дзейнасць; народныя мастацкія рамёствы, дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці; правядзенне культурных мерапрыемстваў, арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва; узнагароды ў сферы культуры.