https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Птушку 2016 года выбралі ў Беларусі


Пра гэта паведамілі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).
"У Музеі прыроды і экалогіі ў Мінску 18 лістапада на ўрачыстым узнагароджванні пераможцаў конкурсаў кампаніі "Вушастая сава - птушка 2015 года" грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" аб`явіла птушку 2016 года ў Беларусі, ёю стане чорна-белая качка - звычайны гогаль", - адзначылі ў АПБ.
Гогаль. "Птушка года-2016"
"Гэта птушка не гняздуецца на зямлі, як большасць "калег" з сям`і качыных, а займае дуплы старых дрэў. На многіх тэрыторыях уздоўж азёр і рэк засталося мала старых дуплаватых дрэў і птушкі не могуць знайсці прыдатнага месца для гнязда. Вырашыць праблему могуць біятэхнічныя мерапрыемствы: пабудаваць "дупло" можа любы чалавек. Мы раскажам, як пабудаваць домік для гогаля, правядзём майстар-класы для жадаючых, і разам будзем вырашаць "кватэрнае пытанне" птушкі. Асобную ўвагу ўдзелім веснавому і асенняму паляванню на гэтых вадаплаўных: гогаль не з`яўляецца паляўнічым відам, але часта церпіць з-за недасведчанасці паляўнічых", - расказаў аб асаблівасцях птушкі супрацоўнік па прыродаахоўных пытаннях АПБ Вольга Лукшыц.

Птушцы 2016 года будзе прысвечаны шэраг мерапрыемстваў: качка з`явіцца на плакатах у метро, а таксама стане галоўным героем графіці на адным з дамоў Мінска. Летам у Беларусі пройдзе конкурс малюнкаў на асфальце.

Сумесна з Нацыянальным банкам Беларусі і РУП "Белпошта" плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года.

Самых маленькіх аматараў птушак чакаюць конкурсы малюнкаў. На гэты раз школьнікі будуць маляваць не толькі гогаля, але і ствараць свой уласны вызначальнік качак Беларусі. Палажэнні конкурсаў хутка з`явяцца на сайце АПБ.

"Гогаль не настолькі вядомы, як яго папярэдніца - вушастая сава, таму наша першая задача - пазнаёміць людзей з гэтай птушкай. Мы падрыхтуем прэзентацыю пра гогаля, якую любы зможа скачаць на нашым сайце. Многія гогалі зімуюць у Беларусі, таму праводзіць экскурсіі і ўбачыць птушку 2016 года на ўласныя вочы можна будзе круглы год", - растлумачылі ў арганізацыі.

Нацыянальную кампанію "Птушка года" АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта - прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць свае сілы не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах.

"Гераінямі" года ўжо станавіліся белы бусел, белая сітаўка, івалга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэры гусь, звычайная пустальга, вялікі краншнэп, чорны стрыж, удод, зязюля, вушастая сава.

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" - буйнейшая недзяржаўная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International.

АПБ - гэта больш за 3000 членаў і прыхільнікаў, каля 120 школьных клубаў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе для захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да прыродаахоўнай дзейнасці.

18 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:18.11.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:826
 
Ключевые слова:
Гоголь Птица года Охрана природы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме