https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў вытворчасць у краіне легкавых аўтамабіляў "БелДжы" трэба прыўнесці айчынны вопыт і напрацоўкі


Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў 30 лістапада на нарадзе па пытанні рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што праект па стварэнні ў Беларусі легкавых аўтамабіляў з`яўляецца яго даўняй марай. "Мая мара, каб мы мелі не толькі вытворчасць велікагрузных аўтамабіляў, грузавых, сярэдняй грузападымальнасці, трактароў, але і легкавых аўтамабіляў, блізкіх да народнага, каб наша краіна магла забяспечваць патрэбнасці юрыдычных і фізічных асоб ва ўласных легкавых аўтамабілях", - сказаў ён.

"Зразумела, ствараць самім, з нуля, легкавы аўтамабіль сёння - гэта падобна смерці. І не для Беларусі гэта тэма, паколькі і рынак не той і іншае. І самае галоўнае - многія ж дзяржавы, якія вырабляюць легкавыя аўтамабілі, не проста на гады, на стагоддзі пайшлі наперад. І ствараць легкавы аўтамабіль, а потым канкурыраваць з гэтымі краінамі, якія вырабляюць добрыя аўтамабілі сёння, тыя ж "мерседэсы", японскія аўтамабілі, карэйскія і гэтак далей, вельмі складана", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму была пастаўлена задача - знайсці краіну, якая гатова нам дапамагчы на аснове іх і нашых тэхналогій стварыць прымальны аўтамабіль, аўтамабіль для нашага народа, каб ён і па якасці, і па цане быў для нас выгадны", - падкрэсліў Прэзідэнт. Такой краінай выступіла Кітайская Народная Рэспубліка. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сёння Кітай па гэтых таварах практычна заваёўвае свет, выпускаючы аўтамабілі добрай якасці. У гэтым пераканаліся і ў Беларусі на прыкладзе збіраемага аўтамабіля "Джылі", некаторыя кампаненты для зборкі якога пастаўляюцца і беларускім бокам.

"Паглядзеўшы на гэту зборачную вытворчасць, мы прынялі рашэнне: быць у нас легкавому аўтамабілю і ствараць яго мы будзем разам з кітайцамі на аснове іх тэхналогій. Гэта не значыць, што мы проста возьмем і скапіруем і вырабім аналагічны аўтамабіль. Там, дзе можам, а мы можам, вопыт у нас ёсць зборкі і вытворчасці грузавых аўтамабіляў і кампанентаў для легкавых аўтамабіляў, мы павінны выкарыстоўваць уласны вопыт і ўласныя напрацоўкі. Яны ёсць і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і ў прыкладной навуцы таксама. Таму паціху мы павінны ўдасканаліць гэты аўтамабіль і пабудаваць новы завод па вытворчасці так званай "БелДжы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер завод будуецца, у тым ліку з удзелам кітайскага крэдыту. Плануецца, што з запускам першай чаргі тут будзе выпускацца ў год да 60 тыс. аўтамабіляў і 120 тыс. з запускам другой чаргі.

"Самае галоўнае - дзе будзем прадаваць? Ці будзе рынак для нашых аўтамабіляў? - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. - Зразумела, унутраны рынак мы забяспечым, створым адпаведныя ўмовы".

"Вядома, мы прымусім калектыў рабіць самыя якасныя аўтамабілі, улічваючы, што тут і вытворчасць, і сэрвіс, і ўлада ўсё ж такі патрабавальная ў краіне, - аўтамабіль будзе добры. Але ёсць жа яшчэ лепшыя аўтамабілі, праўда па цане вышэйшай. І вось тут як насельніцтва будзе: наш аўтамабіль купляць або, можа, аддадуць перавагу няхай дарагому, але ўжо вядомай маркі. Таму першае пытанне - гэта пытанне рынку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандра Лукашэнку цікавілі таксама пытанні фінансавання і вытворчыя.

30 лістапада 2015, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА
 
Дата публикации:30.11.2015
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:774
 
Ключевые слова:
Автопром БелДжи Инвестиции Импортозамещение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме