Некаторы час таму супрацоўнікамі АБЭЗ Мінскага РУУС і органаў пагранічнай службы падчас мерапрыемстваў па абароне ўнутранага спажывецкага рынку была атрыманая інфармацыя аб тым, што пад Мінскам працуе склад па продажы запчастак для легкавых машын, дзе рэалізуюцца дэталі, увезеныя ў краіну па "шэрых" схемах, г. зн. без выплаты неабходных мытных плацяжоў.
Як высветлілася ў часе папярэдняй праверкі, каля года таму ў сталіцы была зарэгістраваная фірма па продажы запчастак. Пад Мінскам прадпрымальнікі арандавалі вялікае складское памяшканне, на вядомых беларускіх тэматычных сайтах размясцілі аб`яву аб продажы па ўмераных цэнах дэталей для хадавых інамарак, заяўкі прымалі па тэлефонах, аператыўна дастаўляючы пакупнікам заказаныя тавары. Разлік вёўся наяўнымі сродкамі.
Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі ўстаноўленыя яшчэ два аналагічныя склады, размешчаныя у Пінску і Драгічыне, якія належалі тым жа гаспадарам і працавалі па такой жа схеме. Калі інфармацыя пацвердзілася і быў зафіксаваны факт перасячэння мяжы фурай з чарговай партыяй тавару, да аперацыі падключыліся інспектары ІМПЗ па Мінскай вобласці, якія сумесна з супрацоўнікамі АБЭЗ і памежнікамі ажыццявілі кантрольную закупку запчастак у Мінскім раёне, а затым і ў Брэсцкай вобласці. Як і меркавалася, прадпрымальнікі не змаглі падаць на прадукцыю дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць паступлення тавараў у краіну, а таксама іх бяспеку і якасць.
Усяго быў накладзены арышт на тавар агульным коштам больш за 3 млрд. рублёў.
У дачыненні да ўладальнікаў бізнесу былі складзеныя пратаколы па ч. 4 арт. 12.17 КоАП (парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву).
Днямі рашэннем Эканамічнага суда Мінскай вобласці дзве з трох партый тавару былі накіраваныя ў даход дзяржавы, разгляд яшчэ адной справы чакаецца ў найбліжэйшы час.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 верасня 2015
Мінск, 25 верасня 2015