За адмову ад падтрымкі Караткевіч на сёлетніх выбарах прагаласавалі 18 членаў сойма, супраць — 11, двое ўстрымаліся.
Прапанову адмовіцца ад падтрымкі Караткевіч выказаў на пасяджэнні сойма старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. "На сёння іншага шансу захаваць нашу рэпутацыя няма", — падкрэсліў ён перад галасаваннем.
Партыя БНФ раней прымала рашэнне аб падтрымцы Караткевіч на выбарах як прадстаўніка кааліцыі "Народны рэферэндум". Пры гэтым яшчэ дзве арганізацыі, якія ўваходзяць у кааліцыю, — рух "За Свабоду" і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — як структуры ў вылучэнні Караткевіч у якасці кандыдата ў прэзідэнты не ўдзельнічалі.
Прапаноўваючы адмовіцца ад падтрымкі Караткевіч, лідар Партыі БНФ адзначыў, што ўдзел у выбарчай кампаніі Караткевіч на этапе збору подпісаў мае як пазітыўныя, так і адмоўныя вынікі. Пазітыўныя, паводле яго слоў, звязаныя "з працай з людзьмі, пашырэнне пазітыўнага іміджу партыі: так, было выстаўлена 15 пікетаў у 11 гарадах, у тым ліку пяць — у Мінску".
Але, на жаль, працягнуў Янукевіч, падчас выбарчай кампаніі паднялася "хваля ўзаемных абвінавачанняў, якая стварыла адмоўны фон для ўсіх дэмакратычных арганізацый".
Акрамя таго, адзначыў палітык, для Партыі БНФ ёсць і свой адмоўны вопыт удзелу ў кампаніі. Паводле яго слоў, "цэнасная арыентацыя партыі ставіцца пад пагрозу сярод прыхільнікаў арганізацыі". Гэтая пагроза, паводле слоў палітыка, была выкліканая "двухсэнсоўнымі" выказваннямі Караткевіч адносна геапалітычнай арыентацыі краіны, беларускіх мовы і сімвалаў.
"Па вялікім кошце, самі заявы Караткевіч не самыя горшыя сярод прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Але справа ў тым, што Караткевіч — гэта не адзіны кандыдат ад апазіцыі, які меў бы абавязацельствы перад рознымі партыямі. Мы адзіныя падтрымалі Караткевіч як партыя, а таму адказныя за ўсе яе выказванні", — сказаў Янукевіч.
Ён таксама адзначыў, што не аднойчы ўказваў Караткевіч і кіраўніку яе штаба Андрэю Дзмітрыеву на "невыразнасць" іх пазіцый па важных пытаннях. "Думаю, у іх спецыяльна была абраная лінія на любую важную для грамадства праблему выказвацца максімальна абцякальна, каб нікога не пакрыўдзіць", — лічыць палітык.
Ён падкрэсліў, што з часам усё больш відавочнай будзе неадпаведнасць пазіцыі Караткевіч цэнасным пазіцыям Партыі БНФ. "Яе падтрымка будзе ўсё больш разбуральнай для рэпутацыі нашай арганізацыі", — мяркуе ён.
Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што нічога кепскага ў наяўнасці на выбарах такога кандыдата, як Караткевіч, няма. "Але наша базавая група — нацыянальна арыентаваныя людзі. Многія з іх лічаць, што цяпер Партыі БНФ іх не прадстаўляе, у тым ліку і з-за таго, што мы падтрымліваем на выбарах Караткевіч", — сказаў ён.
28 жніўня былы палітзняволены Мікалай Статкевіч, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар стваранага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец аб`явілі пра ўтварэнне кааліцыі і пачатак грамадскай кампаніі з мэтай дэлегітымізацыі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў і правядзення новых. Някляеў спадзяецца пераканаць Караткевіч зняцца з выбараў.
У сваю чаргу Янукевіч заявіў, што Партыя БНФ не плануе далучацца да новай апазіцыйнай кааліцыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2015
Мінск, 29 жніўня 2015