Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне ў Дзень пісьменства запоўніцца фота- і літаратурнымі экспазіцыямі.
Адкрыццё адрэстаўрыраванай былой рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх азнамянуюць святочныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства 6 верасня. Пасля цырымоніі госці адправяцца на галоўную пляцоўку свята, дзе пачнецца асноўнае дзейства.
У адноўленай сядзібе размесціцца раённы Палац творчасці дзяцей і моладзі, пазней тут таксама плануецца размясціць раённы краязнаўчы музей, канферэнц-залу для дзелавых і культурных сустрэч. Аднак непасрэдна ў Дзень пісьменства палац запоўніцца ўнікальнымі выстаўкамі, якія рыхтуюць для дэманстрацыі ў Шчучыне розныя культурныя ўстановы краіны.
Як паведаміў міністр культуры Барыс Святлоў, у сядзібе плануюцца выстаўкі, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, творчасці і жыццю Якуба Коласа, Адама Міцкевіча і Уладзіміра Караткевіча, і іншыя. Акрамя таго, у час фестывалю кнігі і прэсы экспазіцыі плакатаў, фатаграфій і літаратурныя выстаўкі размесцяцца ў Доме культуры і ў павільёнах на плошчы Свабоды.
Частка экспазіцый у палацы будзе дэманстравацца некаторы час і пасля свята, а ў далейшым выстаўкі плануецца праводзіць тут пастаянна.
На думку міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, выставачныя праекты да Дня пісьменства ў Шчучыне нікога не пакінуць абыякавымі. Напрыклад, можна будзе азнаёміцца з цікавымі экспазіцыямі да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне - у тым ліку гасцям свята прадставяць кнігі, якія выдаваліся ў ваенны час і ўнеслі сваю лепту ў дасягненне Перамогі.
Яшчэ адным "кніжным" праектам стане прэзентацыя факсімільных выданняў Францыска Скарыны і перадача іх раённай бібліятэцы Шчучына.
Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне 6 верасня.
19 жніўня 2015, Шчучын
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА
19 жніўня 2015, Шчучын
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА