Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт запусціў сайт для абітурыентаў (www.abiturient.bsu.by), з дапамогай якога старшакласнікі змогуць "вызначыцца са спецыяльнасцю, сабраць неабходны пакет дакументаў для паступлення і атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія тычацца ўступнай кампаніі".
На сайце, у прыватнасці, даступны сэрвіс "Каляндар абітурыента", дзе пазначаныя даты Дзён адчыненых дзвярэй, рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэставання і іншых мерапрыемстваў для абітурыентаў.
З дапамогай раздзела "Выбар спецыяльнасці" старшакласнікі змогуць выбраць спецыяльнасць БДУ зыходзячы з прадметаў цэнтралізаванага тэставання, якія яны плануюць здаваць, і кваліфікацыі, што прысвойваецца пасля заканчэння ВНУ.
У асобным раздзеле размешчана інфармацыя для замежных абітурыентаў. На сайце можна задаць і іншыя пытанні, якія тычацца паступлення.
Рэсурс прадугледжвае інтэграцыю з афіцыйнымі старонкамі БДУ ў сацыяльных сетках "УКантакце", Facebook, Twitter, YouTube, Instagram, Tumblr, Pinterest, LinkedIn і Google+.
"Сайт адаптуецца пад прагляд на планшэтах і смартфонах, што асабліва важна, бо за апошні год паток зваротаў да раздзела "Абітурыент" сайта БДУ з мабільных прылад вырас у два разы", — расказаў начальнік медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2015
Мінск, 11 красавіка 2015