9 ліпеня пачалася сумесная беларуска-расійская акцыя, для ўдзелу ў якой у Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці прыбыў зводны пошукавы атрад Пензенскай вобласці.
Сумесна з асабовым складам 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Беларусі члены атрада правядуць раскопкі ў месцах баёў 61-й стралковай дывізіі, якая фарміравалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Пензенскай вобласці. Сумесная ваенна-патрыятычная акцыя пройдзе на пяці пошукавых аб`ектах і завершыцца 19 ліпеня.
З 17 чэрвеня па 3 ліпеня на тэрыторыі Чавускага і Слаўгарадскага раёнаў Магілёўскай вобласці прайшла сумесная ваенна-патрыятычная акцыя асабовага складу 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і членаў ваенна-патрыятычнага клуба "Рассвет" з Арзамаса Ніжагародскай вобласці.
Раскопкі праводзіліся на шасці пошукавых аб`ектах — у месцах, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ішлі баі сфарміраваных у Горкаўскай вобласці 137-й і 160-й стралковых дывізій.
У выніку сумеснай працы эксгумаваныя і перапахаваныя астанкі 11 вайскоўцаў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, знойдзены медальён і іншыя знаходкі.
Урачыстае перапахаванне астанкаў загінулых у брацкую магілу ў Чавусах адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі — 2 ліпеня.