Такім чынам, афіцыйна дадзены старт выбарчай кампаніі.
Нагадаем, рашэнне аб прызначэнні выбараў прэзідэнта на 11 кастрычніка было аднагалосна прынятае дэпутатамі ніжняй палаты 30 чэрвеня.
З сённяшняга дня грамадзяне, якія жадаюць пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла, могуць падаваць дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўных груп, якія пасля зоймуцца зборам подпісаў за вылучэнне таго ці іншага чалавека ў якасці кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Як паведаміла, выступаючы напярэдадні ў Палаце прадстаўнікоў, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп працягнецца да 22 ліпеня, а з 23 ліпеня па 21 жніўня будзе праходзіць збор подпісаў за кандыдатаў. З 22 жніўня па 5 верасня ініцыятыўныя групы, якія змаглі сабраць больш за 100 тысяч подпісаў, павінны будуць падаць дакументы на рэгістрацыю сваіх кандыдатаў у прэзідэнты. Працэс верыфікацыі подпісаў, рэгістрацыі і выдачы кандыдацкіх пасведчанняў працягнецца да 15 верасня. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 6 па 11 кастрычніка.
Трэба адзначыць, што раней найболей верагоднай датай прэзідэнцкіх выбараў называлі 15 лістапада, аднак пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы 9 чэрвеня Ярмошына заявіла, што Цэнтрвыбаркам прапануе правесці выбары 11 кастрычніка. Як растлумачыла кіраўнік ЦВК, 11 кастрычніка з`яўляецца аптымальнай датай па некалькіх прычынах. Па-першае, пры прызначэнні крайняй даты правядзення — 15 лістапада — трэба было б склікаць пазачарговую сесію. Па-другое, правядзенне выбараў 11 кастрычніка дазволіць правесці і другі тур выбараў за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта (21 студзеня).
Як адзначыла Ярмошына, прэзідэнцкія выбары і раней прызначаліся на больш раннюю дату, чым крайняя. Крытыку прапанаванай ЦВК даты выбараў з боку апазіцыйных актывістаў яна назвала "надуманымі пярэчаннямі крытыкаў улады, якія займаюць супярэчлівую пазіцыю".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2015
Мінск, 1 ліпеня 2015