Спецыялісты Мінскага метрапалітэна распрацавалі падрабязную дэталізаваную схему аснашчэння ўсіх станцый падземкі элементамі безбар`ернага асяроддзя. Інтэрнэт-карта размешчана на сайце прадпрыемства.
Каб атрымаць звесткі пра даступнасць той ці іншай станцыі трэба на галоўнай старонцы сайта metropoliten.by адкрыць раздзел "Інфармацыя", а затым укладку "Безбар`ернае асяроддзе".
У дапаўненнях да схемы можна азнаёміцца з парадкам і ўмовамі карыстання метрапалітэнам фізічна аслабленым людзям, а таксама схемай перамяшчэння, напрыклад, інваліда-калясачніка "з зямлі да цягніка". Зараз пасажыры з абмежаванымі магчымасцямі могуць не толькі загадзя спланаваць сваю паездку ў метро, але і скарыстацца паслугамі падземкі па факце свайго прыбыцця да станцыі.
Акрамя таго, для пэўных катэгорый супрацоўнікаў метрапалітэна распрацаваны спецыяльныя інструкцыі аб парадку абслугоўвання пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, персанал падрыхтаваны і навучаны дзеянням з рознымі тэхнічнымі прыладамі і пад`ёмнымі механізмамі, адзначыла прэс-служба.
Як паведаміў прэс-сакратар метро Андрэй Кузьмін, статыстыкі па колькасці інвалідаў, якія карыстаюцца метро, не вядзецца. "Часцей за ўсё яны ездзяць на аўтамабілях ці сацыяльным таксі, але зрэдку карыстаюцца і метрапалітэнам. Гэтая схема дапаможа ім лепш арыентавацца ў паслугах, якія аказвае для іх наша прадпрыемства", — адзначыў ён.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 чэрвеня 2015
Мінск, 20 чэрвеня 2015