https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мсціславе вядзецца рэканструкцыя помніка археалогіі XII стагоддзя на Замкавай гары


У Мсціславе вядуцца работы па рэканструкцыі помніка археалогіі XII стагоддзя на Замкавай гары, паведамляе раённы выканаўчы камітэт.
Да рэканструкцыі аб’екта «Аднаўленне гістарычнай забудовы 12-14 стст. на тэрыторыі Замкавай гары ў Мсціславе з элементамі музеефікацыі» прыступілі ў другой палове верасня. Усе работы плануецца завяршыць да канца лістапада. Дзякуючы новаўвядзенням гістарычны цэнтр горада стане не толькі больш бяспечным і камфортным для наведвальнікаў, але таксама істотна павысіць сваю прывабнасць для турыстаў і саміх гараджан, ператварыўшыся ў камфортную зону сямейнага адпачынку.

Па праекце тут прадугледжана маштабнае абнаўленне на некалькіх участках, у тым ліку работы па ўзнаўленні гістарычнай забудовы — уваходнай брамы з абарончым умацаваннем і вежы-данжона, ніжні ярус якой раней займала царква. Акрамя таго, на тэрыторыі будзе праведзена маштабная замена ўсіх камунікацый, запланавана добраўпарадкаванне з устаноўкай новых альтанак, лавачак і фантанчыкаў для піцця, з’явяцца абсталяваныя санвузлы.

«Сярод асноўных работ — устаноўка пажарнай сігналізацыі двух будынкаў: царквы-данжона і закансерваванага раскопу старажытнага гарадзішча, дзе знаходзіцца музей, — удакладніў галоўны інжынер ААТ „ПМК-94 Водбуд“ Канстанцін Фалейчык. — Таксама для забеспячэння пажарнай бяспекі прадугледжана будаўніцтва другой лініі вадаправода і помпавай станцыі, устаноўка дадатковага дызель-генератара на выпадак адсутнасці электраэнергіі і ахоўнай сігналізацыі. Работы на аб’екце вядуцца штодня, стаіць выразная задача скончыць іх у належны тэрмін. На рэканструкцыі задзейнічаны не толькі будаўнікі, але мясцовыя ўмельцы. Яны ўжо вырабілі і стылізавана абклалі вароты брамы. Замкавая гара — знакавы для нашага горада аб’ект, таму важна, каб тут было не толькі прыгожа, але і камфортна».

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея Ірыны Малько, вельмі важна захоўваць гістарычныя помнікі, бо ў іх жыве душа беларускага народа.

«Захоўваючы гісторыю, мы перш за ўсё клапоцімся пра нашу будучыню. Акрамя таго, Замкавая гара — гэта ўнікальнае месца з пункту гледжання археалогіі: такой спадчыны, мабыць, няма больш нідзе ў Беларусі. Таму важна, каб нашы нашчадкі даражылі запаветамі і памяццю нашых продкаў», — падкрэсліла яна.

«Мсціслаў — адзін з самых старажытных і старадаўніх гарадоў беларускага Падняпроўя, які быў заснаваны ў 1135 годзе князем Расціславам Мсціслававічам, — дзеліцца Ірына Малько. — Ён назваў горад так у гонар свайго бацькі, якога горача любіў і паважаў. Цяпер гэта ціхае і спакойнае месца, і нават не верыцца, што калісьці яно было цэнтрам удзельнага Мсціслаўскага княства і аднаго з самых моцных ваяводстваў. У XIX стагоддзі ў горадзе працавалі 5 гасцініц. Тут шырока развіваўся гандаль. Сёння ў Мсціславе засяроджана вялікая колькасць помнікаў археалогіі, архітэктуры і гісторыі. Адно з такіх унікальных месцаў — Замкавая гара, бо менавіта тут калісьці паўстаў наш горад. Менавіта тут былі знойдзены дзве з трох беларускіх берасцяных грамат, якія ўваходзяць у лік найбольш значных знаходак у гісторыі нашай археалогіі».

Навуковы супрацоўнік адзначае, што Замкавая гара дагэтуль тоіць у сабе мноства сакрэтаў і загадак, таму важна захоўваць яе як частку гістарычнай спадчыны, бо дзякуючы такім месцам людзі могуць зразумець усю каштоўнасць агульнай культурнай і гістарычнай спадчыны. «Замкавая гара таксама стала цэнтрам правядзення вялікіх культурных мерапрыемстваў — такіх як фестываль сярэднявечнай культуры „Рыцарскі фэст“, — працягнула яна. — Тут нашы госці могуць акунуцца ў Сярэднявечча, убачыць рыцарскія баі менавіта так, як яны праходзілі раней, а таксама наведаць абарончую вежу-данжон і закансерваваны археалагічны раскоп. Дарэчы, такіх аб’ектаў у Беларусі толькі тры, у тым ліку ў Брэсце і Тураве».

Звязда, 8 лістапада 2023
 
Дата публикации:08.11.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:188
 
Ключевые слова:
Замки Беларуси Мсціслаў Реконструкция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме