Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 18 красавіка. Рабочую групу па яго падрыхтоўцы і правядзенні ўзначаліць намеснік прэм`ер-міністра Наталля Качанава.
У сувязі са святкаваннем 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, аб`яўленнем 2015 года Годам моладзі і ў мэтах падтрымкі прапаноў калектываў работнікаў арганізацый і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 18 красавіка рэспубліканскі суботнік на рабочых месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, мясцін баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.
Згодна з пастановай, заробленыя на рабочых месцах у дзень правядзення суботніка грашовыя сродкі, у аб`ёмах, вызначаемых работнікамі, у тым ліку дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, будуць пералічвацца праз раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Яны ў сваю чаргу пералічаць 50 працэнтаў Міністэрству фінансаў, 50 працэнтаў застанецца ў іх распараджэнні. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, уключаючы рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, мясцін баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў вайны.
"Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый грашовыя сродкі па рашэнні калектываў іх работнікаў могуць пералічвацца ў памерах, якія вызначаюцца добраахвотна самімі калектывамі, у адпаведнасці з парадкам, устаноўленым Міністэрствам фінансаў", - удакладнілі ў прэс-службе ўрада.
Вылічэнне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 18 красавіка будзе працоўным днём, праводзіцца з іх згоды ў памерах, што вызначаюцца добраахвотна самімі калектывамі работнікаў.
Рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам даручана стварыць у абласцях, гарадах, раёнах, арганізацыях рабочыя групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка з улікам удзелу ў ім грамадзян выключна на добраахвотнай аснове.
Міністэрства транспарту і камунікацый, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам павінны будуць забяспечыць 18 красавіка бесперабойную работу пасажырскага транспарту.
7 красавіка 2015, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА
7 красавіка 2015, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА