Шукаць яго на дне возера будуць дайверы і археолагі.
Ці ёсць яна, беларуская Атлантыда, горад, які калісьці існаваў, але знік бясследна? Ці маем мы надзею адшукаць паселішча людзей, якое было цалкам рэальным, але за адно імгненне апусцілася пад ваду?..
Згодна з легендай, на месцы возера Свіцязь у часы Міндоўга быў горад. Калі ўсе мужчыны выправіліся на вайну, а да паселішча падступілі ворагі, дачка князя Свіцязянскага разам з гараджанамі, каб уратавацца, павінны былі сыходзіць, не гледзячы назад. Але дзяўчынка ўсё ж азірнулася… Яна ператварылася ў камень, а горад апусціўся пад ваду. Іншая легенда распавядае, што падчас аблогі гараджане самі, не хочучы здацца ў палон, звярнуліся да духоўных сіл, і тыя апусцілі іх зямлю пад ваду… Легенды легендамі, але нядаўна было знойдзена археалагічнае пацверджанне таго, што на месцы возера насамрэч мог быць горад.
Кіраўніку дайвінг-цэнтра «Марскі пегас» Андрэю Ліхачову ўдалося знайсці на дне возера невялікі кавалак керамікі, датаваны неалітам. Знаходка зроблена выпадкова, падчас трэніровачных апусканняў. Спецыялісты, убачыўшы артэфакт і зрабіўшы яго аналіз, пацвердзілі: там трэба працягваць шукаць, бо ёсць верагоднасць натрапіць на след затанулага горада…
Днямі адбылася і яшчэ адна, можна сказаць, гістарычна важная падзея. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а дакладней, яго дырэктар Вячаслаў Даніловіч і намеснік дырэктара па навуковай працы Вадзім Лакіза падпісалі з дайвінг-цэнтрам «Марскі пегас» пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта значыць, што нашы археолагі цяпер не будуць абмяжоўвацца даследаваннямі на зямлі, а пойдуць яшчэ і пад ваду. Дагавор падпісаны на два гады, з магчымасцю далейшага працягу.
Сумесныя пробныя апусканні ўжо адбыліся. А два супрацоўнікі Інстытута гісторыі — Сяргей Ліневіч і Аляксандр Вашанаў — пачалі атрымліваць дайверскія навыкі ў «Марскім пегасе». У хуткім часе яны атрымаюць сертыфікаты, неабходныя для падводных даследаванняў.
Андрэй Ліхачоў адзначае, што ёсць папярэдняя дамоўленасць аб тым, што спецыялісты па падводнай археалогіі з Германіі прыедуць да нас, каб навучаць дайвераў-археолагаў. Гэта прэцэдэнт для ўсёй прасторы СНД. Мы будзем першымі ў прафесійным даследаванні воднай прасторы.
Пакуль жа наша падводная археалогія — белы ліст. Але ёсць шанц запоўніць яго з навуковым падыходам. Чорныя капальнікі таксама спрабуюць ісці пад ваду, аднак тых, хто мае адпаведныя прыстасаванні, зусім мала. Спецыялісты адзначаюць, што на зямлі многае ўжо раскапана і знішчана такімі нядобрасумленнымі «даследчыкамі», а вось пад вадой больш шанцаў атрымаць каштоўныя знаходкі.
Многія чулі, што напрыканцы мінулага года з ракі Віхры пад Мсціславам былі паднятыя даспехі і шлем рыцара — іх можна назваць знаходкай стагоддзя. Але насамрэч там быў знойдзены ўвесь рыцар — і касцявыя астанкі, і нават меч, які чорныя капальнікі, апынуўшыся там раней, паспелі прадаць у Маскву. Таксама і шмат іншых знаходак розных перыядаў аддала тады вада. Будзем спадзявацца, што наперадзе нас чакаюць знаходкі тысячагоддзя…
Можна дадаць, што ў Інстытут гісторыі ўжо паступаюць званкі з раёнаў з просьбай даследаваць іх падводныя славутасці. Але не варта раскрываць усіх таямніц, лепш пачакаць звестак пра новыя падводныя Атлантыды…
Ніна Шчарбачэвіч
Звязда, 9 красавіка 2015