Як паведамілі ў "Белгазпрамбанку", супрацоўніцтва двух банкаў у гэтай сферы пачалося ў жніўні 2014 года, калі ААТ "Белгазпрамбанк" адным з першых далучылася да праграмы Банка развіцця па фінансаванні малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
"Белгазпрамбанк" стаў лідарам праграмы па колькасці і рэгіянальным ахопе прафінансаваных праектаў. За чатыры месяцы мінулага года прафінансавана больш за 50 інвестыцыйных праектаў кліентаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія ажыццяўляюць дзейнасць у розных галінах эканомікі.
У 2015 годзе "Белгазпрамбанк" дасць індывідуальным прадпрымальнікам, мікра-, малым і сярэднім арганізацыям доўгатэрміновае фінансаванне ў беларускіх рублях для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, звязаных з набыццём (рэканструкцыяй, мадэрнізацыяй, будаўніцтвам, капітальным рамонтам) асноўных сродкаў (будынкаў, збудаванняў, машын, у тым ліку аўтатранспартных сродкаў, абсталявання) для іх вытворчай дзейнасці або дзейнасці па аказанні паслуг.
Як удакладнілі ў банку, у межах новага пагаднення істотна пашыраны пералік фінансуемых відаў дзейнасці, устаноўлены больш лаяльныя крытэрыі адбору субпраектаў, максімальная сума крэдыту (лізінгу) павялічана да 25 млрд. рублёў. Канкурэнтны кошт рэсурсаў — 29,5% гадавых (стаўка рэфінансавання НБРБ, павялічаная на 4,5% гадавых), гнуткі графік плацяжоў з магчымасцю адтэрміноўкі па пагашэнні асноўнага доўгу да 2 гадоў, а таксама мінімальныя патрабаванні да памеру ўласнага ўдзелу дазволяць банку максімальна ўлічваць патрэбы малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
Даведка БелаПАН. ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" — спецыялізаваны фінансавы інстытут, заснавальнікамі якога з`яўляюцца Савет міністраў і Нацыянальны банк. Мэта стварэння — фінансаванне праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы; крэдытная падтрымка беларускага экспарту.
Праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу рэалізуецца Банкам развіцця са жніўня 2014 года. Двухузроўневы механізм праграмы прадугледжвае выдзяленне Банкам развіцця рэсурсаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў суб`ектаў малога бізнесу праз банкі, якія падпісалі адпаведныя пагадненні. На гэты час у праграме ўдзельнічаюць 9 банкаў-партнёраў. У 2015 годзе за кошт сродкаў Банка развіцця плануецца аказанне фінансавай падтрымкі на агульную суму 700 млрд. рублёў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2015
Мінск, 28 лютага 2015