https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Нацбанк чакае рост курсу долара сёлета на 12-13%


Сёлета абменны курс беларускага рубля ў дачыненні да долара знізіцца на 12-13%.
Такі прагноз Нацбанк зацвердзіў у чэрвені ў межах рашэння па рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года.

Варта зазначыць, што з пачатку 2014 года курс беларускага рубля да долара знізіўся на 6,73%, у дачыненні да еўра — на 5,28%, да расійскага рубля — на 1,73%. Афіцыйны курс долара 16 чэрвеня ўстаноўлены на ўзроўні 10.150 рублёў.

Нагадаем, вясной гэтага года кіраўніцтва Нацбанка заяўляла аб планах па плаўным зніжэнні кошту нацыянальнай валюты. На думку беларускіх эканамістаў, магчымасці грашовых улад праводзіць такую курсавую палітыку наўпрост залежаць ад крыніц атрымання знешняга фінансавання.

З улікам прыцягнення Беларуссю новых запазычанняў у Расіі афіцыйныя планы па тэмпах аслаблення беларускага рубля могуць быць дасягальныя, мяркуюць эксперты.

"Дасягненне гэтай задачы цалкам рэальнае, разам з тым мэтазгоднасць гэтай задачы вельмі сумнеўнае. Пры такой курсавой палітыцы мы нарошчваем разрыў паміж фактычным узроўнем абменнага курсу і тым узроўнем курсу, які мог бы збалансаваць наяўны рахунак плацежнага балансу", — мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Эксперт нагадаў, што ў 2013 годзе дэфіцыт наяўнага рахунку плацежнага балансу Беларусі склаў 10,2% ВУП і сёлета можа скласціся на супастаўным узроўні.

Беларускія эканамісты таксама звяртаюць увагу на тое, што пры захаванні цяперашніх тэмпаў росту спажывецкіх цэн інфляцыя па выніках года можа перавысіць велічыню дэвальвацыі. Гэта, адпаведна, можа адмоўна адбіцца на канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту.

"За першыя пяць месяцаў гэтага года спажывецкія цэны выраслі амаль на 9%, па выніках года інфляцыя можа скласці каля 20%. Разам з тым аслабленне курсу беларускага рубля чакаецца на ўзроўні 12-13%. У выпадку, калі гэта адбудзецца (інфляцыя апярэдзіць узровень дэвальвацыі. — БелаПАН.), зноў будзем назапашваць макраэканамічныя дысбалансы", — мяркуе эканаміст Кацярына Барнукова.

Афіцыйны прагноз урада на 2014 год прадугледжваў зніжэнне інфляцыі да 11%. Паводле звестак за студзень—май, спажывецкія цэны ў краіне выраслі на 8,9%.

Тэма курсавой палітыкі закраналася кіраўніком дзяржавы падчас штогадовага паслання народу і парламенту ў красавіку. Аляксандр Лукашэнка тады запэўніў: "Абвальнай дэвальвацыі не будзе, чаго б нам гэта ні каштавала. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага пазбегнуць".

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 16 чэрвеня 2014
 
Дата публикации:16.06.2014
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:947
 
Ключевые слова:
Белорусский рубль Доллар Финансы Девальвация Инфляция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме