https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Менску прайшоў XII зьезд ТБМ


Сярод галоўных посьпехаў называюць дзейнасьць «Белсату», Агульнанацыянальную дыктоўку і моўныя курсы.
У сталічным канфэрэнцыйным цэнтры Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру Ёганэса Раў распачаў сваю працу ХІІ зьезд Таварыства беларускай мовы. 

На зьезьдзе абяруць новага старшыню Таварыства беларускай мовы. Паводле ж цяперашняга кіраўніка арганізацыі Алега Трусава, чакаецца, што са 177 дэлегатаў удзел у зьезьдзе возьмуць каля 140 асобаў.

Сярод прысутных на сёньняшнім зьезьдзе — народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, а таксама надзвычайны і паўнамоцны пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт.

У сваім выступе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Сачанка адзначыў, што існуе вялікая розьніца ў стаўленьні да аўтараў з абодвух саюзаў пісьменьнікаў — незалежнага і праўладнага. На сустрэчы з кіраўніком Беларусі прагучала некалькі прапановаў з боку незалежнага Саюзу пісьменьнікаў. У прыватнасьці — выключыць з гэтак званага «чорнага сьпісу» аўтараў, якія ўваходзяць у незалежны Саюз пісьменьнікаў, а таксама дазволіць ім ладзіць сустрэчы з чытачамі ў школах, бібліятэках ці вышэйшых навучальных установах. Паводле Барыса Пятровіча, сытуацыя зь беларускай мовай застаецца кепскай.

«З дапамогай лябараторыі „Новак“ мы правялі дасьледаваньне, на якіх мовах чытаюць беларусы. Вынікі нас, безь перабольшаньня, шакавалі. Гэтак, расейскай мове чытаньня літаратуры аддаюць перавагу ажно 93% беларусаў, толькі 5% — беларускай. Яшчэ 3 гады таму сытуацыя была іншая — тады колькасьць тых, хто аддаваў перавагу чытаньню на беларускай мове, была ў тры разы большая», — распавёў Барыс Сачанка.

Паводле Барыса Пятровіча, многія з апытаных змаглі ўзгадаць толькі тых беларускіх літаратараў, якіх праходзілі ў школе, — Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Шамякіна ці Ўладзіміра Караткевіча, а сучасных аўтараў назваць не змаглі. А 70% апытаных не ўзгадалі нават Коласа ці Купалу. 

Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў пра вынікі апошніх гадоў існаваньня арганізацыі. 

Спадар Трусаў адзначыў такія ініцыятывы Таварыства беларускай мовы і сяброў арганізацыі: агульнанацыянальная дыктоўка, якая з посьпехам праходзіць у Беларусі ды за мяжою; дзейнасьць першага беларускага незалежнага тэлеканалу «Белсат»; а таксама выданьне газэты «Наша слова». Старшыня арганізацыі дадаў, што сёлета годна адзначылі ўгодкі паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

Распачаліся курсы вывучэньня польскай мовы на аснове беларускай, якія карыстаюцца вялікім посьпехам. Спадар Трусаў падкрэсьліў, што ўпершыню замежныя мовы пачалі вывучаць на аснове беларускай, а не расейскай. 

«Вялікай папулярнасьцю карыстаюцца курсы беларускай мовы, якія вядуць цудоўныя выкладчыкі Аляксей Шэін, Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка і Франак Вячорка. Хацелася б адзначыць, што сёлета ў нас упершыню за 15 гадоў склалася добрая фінансавая сытуацыя — перадусім таму, што бізнэс нарэшце павярнуўся да нас тварам. Шмат атрымліваем ахвяраваньняў і ад простых людзей, палова зь якіх — не сябры ТБМ», — адзначыў Алег Трусаў.

Паводле спадара Трусава, ужо некалькі гадоў працуе інтэрнэт-партал ТБМ. Сярод іншых ініцыятываў — стварэньне беларускай вэрсіі правілаў дарожнага руху ды праца над беларусізацыяй справаводзтва.

Заяву падчас зьезду ТБМ, што адзінай дзяржаўнай мовай павінна быць толькі беларуская, заля сустрэла апладысментамі. З гэткай ініцыятывай выступіў грамадзкага актывіста і сябар Таварыства беларускай мовы з Кобрына Аляксандар Мех. Паводле спадара Меха, у краіне цяпер няма ніводнай моцнай палітычнай сілы, якая магла б супрацьстаяць русіфікацыі і стварыць плян развіцця і распаўсюджваньня беларускай мовы.

Чыноўніца: Я не лічу праблемай суіснаваньне дзьвюх моваў

Галоўны спэцыяліст Упраўленьня ўстановаў культуры і народнай творчасьці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь паведаміла, што ня лічыць, што ў Беларусі ёсьць моўная праблема і беларуская мова неяк уціскаецца. Паводле спадарыні Лебедзь, Міністэрства культуры робіць усе магчымыя высілкі дзеля распаўсюджваньня і папулярызацыі беларускай мовы – ад правядзеньня канцэртаў да выкарыстаньня яе ў тэатрах. А ўжываць беларускую мову можна нароўні зь іншай дзяржаўнай – расейскай. 

Наконт ініцыятывы, каб надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, спадарыня Лебедзь адказала гэтак:

«Я не лічу праблемай суіснаваньне дзьвюх моваў. Мы побач з Расеяй, і ў нас вялікі кавалак агульнай гісторыі. Таму хай гэта будзе маральны выбар кожнага. Няма ніякіх перашкодаў, каб размаўляць па-беларуску».

Чаму ж тады ў Беларусі на мове тытульнай нацыі размаўляе невялікая колькасьць беларусаў? Спадарыня Лебедзь лічыць, што праблема – у сямейным выхаваньні:

«Вельмі шкада, што моладзь адлучаная ад гэтай мовы ды больш цікавіцца ангельскай. Але вялікая колькасьць моладзі размаўляе і валодае беларускай мовай, чытае, сьпявае па-беларуску», – лічыць Людміла Лебедзь.

Алег Трусаў абраны на старшыню ТБМ

Новым кіраўніком Таварыства беларускай мовы абралі Алега Трусава, які кіруе арганізацыяй з 1999 году. Як заявіў спадар Трусаў, гэта будзе яго апошні тэрмін.

«Некалькі гадоў таму я вырашыў, што сыду з пасады. Тым больш што, я лічу, пэнсіянэры не павінны кіраваць. Але паколькі я толькі што стаў пэнсіянэрам, яшчэ тры гады папрацуем разам. Але афіцыйна заяўляю, што гэта апошні тэрмін, таму варта ўжо цяпер думаць, хто стане новым старшынём».

За абраньне Алега Трусава кіраўніком ТБМ выказаліся ўсе дэлегаты зьезду. Толькі адна асоба ўстрымалася. Супраць не прагаласаваў ніхто

Радыё Свабода
2 лістапада 2014, Менск
 
Дата публикации:02.11.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1615
 
Ключевые слова:
Беларуская мова ТБМ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме