https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


21 кастрычніка ў мінскай архікатэдры адбылася ўрачыстая святая Імша з нагода 100-гадовага юбілею кардынала Казіміра Свёнтка


З гэтай нагоды на Імшы была прадстаўлена новая кніга і адбылося спецыяльнае гашэнне паштовай карткі з выявай кардынала, распрацаванай РУП «Белпошта».
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Канцэлебраваў Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Сярод вернікаў і духоўных асобаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы, на Імшы прысутнічалі прадстаўнікі РУП «Белпошта» і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напачатку звярнуўся да гісторыі жыцця і паклікання кардынала Казіміра Свёнтка.

Нагадаўшы рэфрэн з псальма на гэты дзень, іерарх адзначыў, што словы «Прыходжу, Божа, споўніць тваю волю» цалкам адпавядаюць кардыналу, якога можна назваць жывым мучанікам, які «прайшоў пекла пераследу за веру, застаўся верным Богу Касцёлу і свайму пакліканню і дачакаўся часоў адраджэння веры».

Арцыпастыр звярнуў увагу на бязмежны давер Богу і аптымізм Казіміра Свёнтка. «Сапраўды, так хацеў Бог, каб гэты, як здавалася б, сціплы святар стаўся гігантам хрысціянскага і святарскага сведчання і дачакаўся часоў адраджэння веры, стаў першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і першым кардыналам у сучаснай гісторыі Беларусі», — сказаў іерарх. 

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што няпросты лёс беларускага кардынала здзіўляў у свой час нават адданых савецкай сістэме кіраўнікоў:

«Калі прыйшоў час завяршэння ссылкі і начальнік лагера спытаў яго, як магло стацца, што з такім складаным лёсам ён застаўся жывы, Свёнтэк адказаў, што так хацеў Бог», — прыгадаў арцыбіскуп.

Іерарх падзяліўся таксама ўспамінамі, калі яму давялося апавясціць будучага кардынала пра тое, што Папа Ян Павел ІІ прызначае кс. Казіміра Свёнтка арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім, Мітрапалітам і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. 

Як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, на той момант іерарху было ўжо 77 гадоў, але «з характэрнай яму энергіяй ён узяўся за адраджэнне і ўмацаванне структур Каталіцкага Касцёла і яго дзейнасці, асабліва ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі».

«Сёння Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, дзякуе табе, кардынал — вялікі Сведка веры. Сваім святарскім і біскупскім служэннем, гераічным сведчаннем веры і грамадскай паставай ты заслужыў пашану не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Гэтым самым ты праславіў наш Касцёл і нашу краіну», — заключыў іерарх.

Таксама слова ўзяла генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына Самсонава, якая распавяла пра гісторыю ўзаемаадносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і Белпоштай.

Прамаўляючы па-беларуску, Ірына Самсонава зазначыла: «Першая марка Рэспублікі Беларусь была выпушчана ў 1992 годзе. З таго часу і да сённяшняга дня Белпошта падрыхтавала каля 15 праектаў, прысвечаных каталіцтву». 

Называючы іх, Ірына Самсонава адзначыла маркіраваныя канверты, паштоўныя маркі і карткі. Апошні такі праект — паштовая картка, прысвечаная 100-годдзю кардынала Казіміра Свёнтка, якая была выпушчана накладам у 30 тысяч адзінак.

Пасля цырымоніі гашэння паштовай карткі ў гонар 100-годдзя кардынала, у якой прынялі ўдзел Ірына Самсонава і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, адзін з двух арыгіналаў карткі ў знак прыхільнасці быў перададзены Каталіцкаму Касцёлу.

«Гэта не проста мерапрыемства, а даніна памяці чалавеку, які так шмат зрабіў», — зазначыў Леанід Гуляка, які прамовіў слова пасля цырымоніі гашэння паштовай карткі.

«Ад імя ўраду нашай краіны хачу прывітаць удзельнікаў гэтага мерапрыемства, — працягваў Упаўнаважаны. — Несумненна, кардынал Казімір Свёнтэк быў найбольш значным рэлігійным дзеячам сучаснага перыяду. Уражваючай з’яўляецца і агульная колькасць служэння кардынала — 72 гады».

Паводле слоў Леаніда Гулякі, «уклад Казіміра Свёнтка ў развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі немагчыма пераацаніць». Упаўнаважаны нагадаў, што дзякуючы працы іерарха былі ўзноўлены і асвечаны шэраг касцёлаў, сярод якіх касцёл у Пінску і архікатэдра ў Мінску.

«З імем Казіміра Свёнтэка звязаны імідж Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — заключыў Леанід Гуляка і зазначыў, што меў гонар асабіста сустрэцца з кардыналам. 

«Нашы душэўныя і духоўныя сустрэчы ўзбагачалі мяне і запомніліся міласцю і цеплынёй», — сказаў Упаўнаважаны.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваю чаргу падзякаваў Леаніду Гуляку за яго сведчанне, зазначыўшы, што адносіны паміж грамадствам і Касцёлам развіваюцца на карысць людзей, бо «ўсе мы — Касцёл, дзяржава, грамадства — служым на карысць чалавека».

Арцыпастыр выказаў таксама словы падзякі прадстаўнікам РУП «Белпошта» і яго генеральнаму дырэктару Ірыне Самсонавай, падкрэсліўшы, што паштовая картка ў гонар спачылага кардынала — гэта асаблівы знак павагі.

У завяршэнне іерарх прадставіў прысутным першы экземпляр новай кнігі пра кардынала Казіміра Свёнтка «Чары Палесся», адзначыўшы вялікую ролю ў яго падрыхтоўцы выдавецтва «Pro Christo».

Імша з нагоды 100-годдзя кардынала ў мінскай архікатэдры стала пачаткам святкавання юбілейных урачыстасцяў у Беларусі. Працягнуцца ўрачыстасці ў Пінску 25-26 кастрычніка.

Ілья Лапато, 21 кастрычніка 2014
 
Дата публикации:21.10.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1266
 
Ключевые слова:
Белпошта Казимир Свёнтэк Религия Христианство Юбилей
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме