https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Музэй Багдановіча сягнуў віртуальнай прасторы


Цяпер па залях літаратурнага музэю імя Максіма Багдановіча ў Горадні можна прайсьціся віртуальна, не выходзячы з кватэры, добра ўмасьціўшыся перад сваім кампутарам. 90% выдаткаў на гэта сфінансаваў Эўразьвяз, астатнія 10% — зь бюджэту Гарадзенскай вобласьці.
З 2012 году музэй імя Багдановіча ў Горадні стаў адным з партнэраў міжнароднага праекту «Віртуальнае мінулае — залог посьпеху будучыні музэяў» у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь. З латвійскага боку ўдзел у праекце ўзяў музэй гісторыі і культуры Латгаліі, зь літоўскага — Кедайняйскі краязнаўчы музэй.

Цяпер дастаткова зайсьці на сайт www.futureofmuseums.eu, і можна самому павандраваць па ўсіх трох музэях.

Але дзякуючы праекту зьмяніўся і сам музэй Багдановіча. Цяпер у пакоі, дзе пачынаецца экспазыцыя і на сьценах вісяць партрэты беларускіх клясыкаў, стаіць інфакіёск зь LED-экранам, дзе таксама можна пабачыць усе экспазыцыі трох музэяў, а таксама спэцыяльна распрацаваныя для школьнікаў кампутарныя гульні, якія можна перакінуць на мабільны тэлефон.

Каардынатарка праекту з музэю Багдановіча Сьвятлана Рапецкая, якая ўдзельнічала ў справе адпачатку, не хавае задавальненьня, лёгка пераходзячы з аднаго музэю ў другі на смарт-экране. Яна кажа, што з фондаў музэю Багдановіча тут прадстаўлена 500 прадметаў з самымі падрабязнымі апісаньнямі, цікавымі зьвесткамі і фатаздымкамі. Літоўскі бок прадстаўляе 300 экспанатаў, латвійскі — таксама 500.

Адзінае, што экспанаты нашага музэю пакуль разьмяшчаюцца па калекцыях, іх яшчэ немагчыма пабачыць. Але хутка працы будуць скончаныя.

Рапецкая: «Гэта наагул першая спроба ў нашай краіне такім чынам прадстаўляць музэй і музэйныя фонды. Часьцей за ўсё ў музэі ёсьць сталая экспазыцыя, часовыя выставы, але ёсьць і шмат вельмі цікавых экспанатаў, якія папросту ляжаць у фондах, і іх ніхто ня бачыць. А цяпер іх ёсьць магчымасьць віртуальна пабачыць. Бо ніводзін музэй не прадстаўляе такіх сьпісаў, што знаходзіцца ў фондах, і таму гэта папросту ўнікальна».

Мы адыходзім ад інфакіёска, і Рапецкая запрашае мяне ў знаёмую экспазыцыю музэю Багдановіча. У руках у яе пляншэт. Яна абяцае, што экскурсія будзе выглядаць зусім па-іншаму, ня так, як раней. За сродкі праекту ўсталявалі акустычную сыстэму. Рапецкая кажа, што новая сыстэма дазваляе значна ажывіць экскурсію.

Вось мы ў гасьцёўні Багдановічаў. Экскурсавод распавядае пра гэты пакой, і ў той самы час пакой напаўняецца музыкай, якая магла гучаць у тыя часы, калі тут жылі Багдановічы. (Гучыць музыка — палянэз Агінскага.)

А цяпер мы ў дзіцячым пакоі, дзе рос Максім Багдановіч.

Рапецкая: «Падыходзім да дзіцячага пакоя, і тут я нават нічога ня буду казаць, вы ўсё зразумееце самі. (Гучыць тэкст казкі «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык»).

Мы ізноў вярнуліся да інфакіёска, і спадарыня Рапецкая паказвае і распавядае мне пра гульню «Дом з таямніцамі», якую ўжо апрабавалі і запампавалі сабе ў мабільнікі нямала гарадзенскіх школьнікаў. Сутнасьць гульні — пазнавальная. Заданьне перад гульцом, каб сьцягнуць неабходныя прадметы, якія месьцяцца ў пакоі, а потым па першых літарах скласьці слова, якое і будзе адказам на пытаньне. Усе заданьні тычацца жыцьця і творчасьці Багдановіча.

Рапецкая: «Пасьля апрабацыі гульні мы раздавалі анкеты школьнікам, і кожны пазначыў, што парэкамэндуе гэтую гульню сябрам, нягледзячы на тое, што ў заўвагах яны пісалі, што вельмі лёгкая гульня, але цікавая. Казалі, што трэба дадаць больш узроўняў, бо ў нас толькі шэсьць. А мы лічылі, што і шэсьць — гэта зашмат».

Яшчэ адна навіна ў музэі Багдановіча — адчынілася новая заля «Гарадзеншчына літаратурная». У межах праекту зрабілі рамонт у новым памяшканьні, далучаным да музэю, адмысловую мэблю для экспанатаў, адрэстаўравалі піяніна. Рапецкая распавядае, што, як і раней, тут прадстаўлена творчасьць Ларысы Геніюш, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Янкі Брыля, Міхася Васілька і стваральніцы музэю Багдановіча Дануты Бічэль.

Супрацоўніца музэю Кацярына Амбражэвіч паказвае мне «ксівы» — цыдулкі, якія Ларыса Геніюш пісала ў лягеры, ейныя вершы і цытуе некалькі радкоў.

Амбражэвіч: «Бо знала, народ ня ўчора паўстаў. Ня заўтра канец нам прысудзяць. Зь мінуласьці слаўных падзеяў і спраў. Мы ёсьць, мы былі, мы будзем...»

Агульны кошт праекту склаў 375 тысяч эўра, на гарадзенскі музэй з гэтай сумы прыпала 90 тысяч. Зь іх 10% выдзеліў Гарадзенскі аблвыканкам, а 90% — сродкі Эўразьвязу.

Міхал Карневіч, Менск
Радыё Свабода, 11 кастрычніка 2014
 
Дата публикации:11.10.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1641
 
Ключевые слова:
Музеи Беларуси Максим Богданович Интернет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме