https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Бабруйску ўшануюць памяць ваеннапалонных


3 ліпеня ў Бабруйску ўрачыста адкрыюць мэмарыял ваеннапалонным і цывільным ахвярам канцэнтрацыйнага лягеру, які быў на тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці ў гады Другой сусьветнай вайны.
3 ліпеня ў Бабруйску ўрачыста адкрыюць мэмарыял ваеннапалонным і цывільным ахвярам канцэнтрацыйнага лягеру, які быў на тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці ў гады Другой сусьветнай вайны.

Падрыхтоўка ішла два з паловай гады. Мастацкая ідэя і распрацоўка праекту належыць славутаму беларускаму архітэктару Леаніду Левіну (сярод ягоных працаў — мэмарыяльныя комплексы «Хатынь», «Яма»). Калі ён памёр, працу завяршылі ягоная дачка Галіна й скульптар Аляксандар Шлапо.

Пад урачыстасьць упарадкуюць брацкія магілы, упрыгожаць іх скульптурнымі вянкамі з палявых кветак. На магілах зьявяцца імёны некаторых загінулых, якія ўдалося даведацца. Раней брацкая магіла тут была адна, але ў апошнія гады на тэрыторыі крэпасьці й гораду знайшлі яшчэ пахаваньні часоў вайны. Цяпер брацкіх магіл дзьве, і пакінута месца для магчымых новых.

Нямецкія войскі наступалі імкліва, а савецкія былі слаба падрыхтаваныя да абароны. Таму ў першыя месяцы вайны ў палон трапіла больш за 3 мільёны чалавек. Канцэнтрацыйны лягер для часткі зь іх — шталаг № 31 — разьмясьцілі ў Бабруйскай крэпасьці.

У ноч на 7 лістапада 1941 году немцы падпалілі казармы з палоннымі, згарэла і было расстраляна каля 7 тысяч савецкіх вайскоўцаў. Усяго ў лягеры загінула каля 40 тысяч чалавек, ваеннапалонных і месьцічаў.

Над брацкай магілай на тэрыторыі вайсковай часьці, якая дысьлякавалася ў крэпасьці ў савецкі час, стаяў сьціплы помнік ахвярам канцлягеру — мэталічная чырвоная зорка. Пра тое, што сярод ахвяраў было шмат ваеннапалонных, уголас не казалі.

«Тэма ваеннапалонных у савецкі час замоўчвалася, — расказвае адзін з аўтараў праекту мэмарыялу Аляксандар Шлапо. — Сталін выдаў дырэктыву, паводле якой вайскоўцы, якія трапілі ў палон, лічыліся здраднікамі. У Беларусі, як па ўсім СССР, ставілі помнікі гераізму — а на трагічную гісторыю, на палонных вырашылі забыцца. І вось хоць праз 70 год узгадалі. І немцы не лічылі палонных за людзей. На іх нават эканомілі набоі для расстрэлаў — вазілі вязьняў у холад на адкрытых чыгуначных плятформах, каб самі паміралі».

У выглядзе гэткай плятформы — з ваеннапалоннымі й мірнымі месьцічамі — і зроблены асноўны манумэнт.

«Мой бацька і мы хацелі распавесьці праўдзівую гісторыю, — кажа Галіна Левіна, галоўны архітэктар мэмарыялу. — Паказаць салдат, якія ў першыя дні вайны засталіся зь ёй сам-насам, пакінутыя, з разарванай сьвядомасьцю, паламаным сьветаўспрыманьнем. Мы хацелі паказаць канкрэтную гісторыю канкрэтнага месца, у дадзеным выпадку гісторыю Бабруйску. Халодныя помнікі не кранаюць людзей — таму важна было адысьці ад паказу „цягліцаў“, характэрнага для сацрэалізму, для мінулай эпохі, і паказаць простага чалавека».

На тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці ёсьць таксама помнік чырвонаармейцам — ахвярам польскага лягеру часоў савецка-польскай вайны. Засталося ўшанаваць памяць ахвяраў расстрэлаў НКВД.

Радыё Свабода, 2 ліпеня 2014
 
Дата публикации:02.07.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1468
 
Ключевые слова:
Мемориал Бабруйск Концлагерь Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме