https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пачынаецца прыём заявак для ўдзелу ў адборы на дзіцячае "Еўрабачанне-2014"


Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, якая з`яўляецца арганізатарам адбору.
У Беларусі пачынаецца прыём заявак для ўдзелу ў рэспубліканскім дзіцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання" - нацыянальным адборачным туры міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2014".

Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўлівае Еўрапейскі вяшчальны саюз.

Удзел у ім могуць прыняць юныя выканаўцы, грамадзяне Беларусі або іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі не менш за два з палавінай гады. На дзень правядзення міжнароднага форуму артыстам павінна быць не менш за 10 і не больш за 15 гадоў.

На рэспубліканскі конкурс можа быць прадстаўлена раней не апублікаваная песня на беларускай або рускай мовах. Працягласць трэка - не менш за 2 мін. 45 сек. і не больш за 3 мін. Канкурсант павінен быць аўтарам слоў і (або) музыкі і (або) аранжыроўкі песні. Дапускаецца пры стварэнні тэксту, музыкі, аранжыроўкі аказанне аўтару песні дапамогі прафесіяналамі ў галіне музыкі і іншымі асобамі.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба каштоўнай бандэроллю накіраваць заяўку на адрас: 220807, г.Мінск, вул.Макаёнка, 9, з паметкай "На рэспубліканскі конкурс "Песня для Еўрабачання". Апошні дзень адпраўкі бандэролей з заяўкамі - 9 чэрвеня 2014 года.

Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору размешчана на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Афіцыйнае друкаванае выданне для размяшчэння інфармацыі аб конкурсе - газета "Знамя юности".

Конкурс праходзіць у тры этапы: адборачны тур, фінал і падрыхтоўка афіцыйнага прадстаўніка Беларусі да выступлення на "Еўрабачанні".

Па выніках адборачнага тура, якія будуць падведзены не пазней за 17 чэрвеня, прафесійнае журы вызначае ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале.

Фінал рэспубліканскага конкурсу праводзіцца 29 жніўня ў форме гала-канцэрта. Пераможца рэспубліканскага конкурсу, які прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2014", вызначаецца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі. Эксклюзіўным вяшчальнікам як нацыянальнага адбору, так і міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2014" традыцыйна выступіць тэлеканал "Беларусь 1".

Беларусь удзельнічае ў "Еўрабачанні" з моманту яго заснавання - 2003 года. Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму была Вольга Сацюк. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У мінулым годзе 11-гадовы Ілья Волкаў з песняй "Спявай са мной" заняў трэцяе прызавое месца.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2014" пройдзе ў горадзе Валета (Мальта).

6 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:06.03.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1199
 
Ключевые слова:
Евровидение-2014 Конкурс
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме