https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вядомы беларускі гісторык Мікалай Сташкевіч унёс значны ўклад у вывучэнне гісторыі беларускай дзяржаўнасці


Такое меркаванне выказаў 1 кастрычніка галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін у час круглага стала, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння Мікалая Сташкевіча.
У гэтым годзе 75-годдзю з дня нараджэння Мікалая Сташкевіча прысвечаны 28-ы выпуск "Гісторыка-археалагічнага зборніка" Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які змяшчае раздзел "Памяці М.С. Сташкевіча". У гэтай кнізе таксама змешчаны артыкулы гісторыкаў і археолагаў Беларусі, прысвечаныя актуальным праблемам айчыннай гісторыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў (раздзелы "Метадалогія гісторыі", "Археалогія"). Акрамя таго, апублікаваны матэрыялы, якія змяшчаюць вынікі навуковых даследаванняў супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2011-2012 гады (раздзелы "Гісторыя", "Хроніка"). Выданне разлічана на настаўнікаў, прафесійных вучоных-гісторыкаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, творчую інтэлігенцыю, а таксама на шырокае кола чытачоў, неабыякавых да айчыннай гісторыі. Выданне рэкамендуецца для выкарыстання ў навукова-даследчай рабоце і навучальным працэсе.

Акрамя таго, у мінулым годзе свет убачыла кніга "Праблемы фарміравання беларускай дзяржаўнасці ў XX - пачатку XXI стагоддзя: выбраныя працы М.С. Сташкевіча", прадмову да якой напісаў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў. "У цяжкія гады канца ХХ стагоддзя, калі разбураліся ісціны, якія раней здаваліся непарушнымі, голас гісторыка Сташкевіча памацнеў і пасталеў. У жыцці была запатрабавана асоба агульнанацыянальнага маштабу, вучонага-энцыклапедыста з фундаментальнымі ведамі. Менавіта такім быў прафесар Сташкевіч, які выканаў сваю гістарычную місію як дастойны летапісец свайго часу, абаронца Айчыны, не здрадзіўшы сабе, сваім прынцыпам, свайму патрыятычнаму абавязку", - гаворыцца ў прадмове. У прадмове адзначаецца неабходнасць перавыдання ў поўным аб`ёме асноўных навуковых прац Мікалая Сташкевіча: "Хочацца верыць, што яны атрымаюць новае жыццё і новае пакаленне грамадзян Беларусі, асвойваючы іх змест, як з жыватворных крыніц, будзе чэрпаць веды і сілы для прымнажэння магутнасці беларускай дзяржавы, абароны праўды аб шматвяковай і гераічнай гісторыі нашай Радзімы".

"Гістарычная навука і ў цэлым сацыяльна-гуманітарны цыкл за апошнія гады страцілі знакавыя імёны. Ад нас пайшлі многія людзі, якіх можна лічыць стаўпамі гістарычнай навукі. Узнікла некаторая пустата, таму што гэтыя людзі былі надзвычай харызматычнымі. Менавіта такім быў і Мікалай Сташкевіч", - заўважыў Вадзім Гігін.

Успамінаючы свайго навуковага кіраўніка, Вадзім Гігін адзначыў, што Мікалай Сташкевіч быў неардынарным чалавекам, яго ўчынкі і дзеянні заўсёды былі творчымі. "На мой погляд, яго вялікая заcлуга ў тым, што ён не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў. Гэта не значыць, што ён не пераглядаў пэўныя погляды. Але ён не адмаўляўся менавіта ад сваіх прынцыпаў, і яго заўсёды паважалі прадстаўнікі розных ідэйных лагераў у гістарычнай навуцы", - дадаў галоўны рэдактар "Беларускай думкі".

Мікалай Сташкевіч нарадзіўся 23 жніўня 1938 года ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1967 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю "Ідэалагічная работа бальшавікоў Беларусі ў гады грамадзянскай вайны (1919-1920 гады)". У 1990-м абараніў доктарскую дысертацыю "Грамадскі рух у Беларусі: асноўныя ідэйныя плыні і палітычныя партыі (1917-1920 гады)". Працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Інстытуце гісторыка-палітычных даследаванняў, Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ (1992-1999 гады), Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. З 2005 года - прафесар кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Старшыня экспертнага савета (1998-2003 гады), член Прэзідыума (з 2003-га) ВАК Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР, медалём "Ветэран працы". Удастоены прэміі імя акадэміка В.А. Капцюга за ўдзел у стварэнні фундаментальнага даследавання "Нарысы гісторыі беларусаў у Сібіры у ХIХ-ХХ стагоддзях" (2002). Падрыхтаваў 5 дактароў і 9 кандыдатаў навук.

1 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:01.10.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1605
 
Ключевые слова:
Николай Сташкевич История Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме