https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі прышчэпку супраць шаленства ў студзені-чэрвені зрабілі каля 5,6 тыс. чалавек


Аб гэтым паведамілі ў ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя".
У Беларусі прышчэпку супраць шаленства ў першым паўгоддзі бягучага года зрабілі 5 тыс. 573 чалавекі (у першым паўгоддзі мінулага года было бясплатна вакцынавана 5 тыс. 949 чалавек).

Паводле слоў спецыялістаў, прышчэпкі былі зроблены ўсім, каму яны паказаны.

У цэлым сітуацыя лепшая ў параўнанні з мінулым годам, падкрэслілі ў цэнтры. Па антырабічную дапамогу ў студзені - чэрвені бягучага года звярнуліся больш як 10,4 тыс. чалавек, у тым ліку 2,8 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (за студзень - чэрвень мінулага года - адпаведна 11,3 тыс. і 3,1 тыс.).

З-за кантакту з хворымі на шаленства жывёламі ў арганізацыі аховы здароўя звярнуліся ў першым паўгоддзі бягучага года 380 чалавек (у першым паўгоддзі мінулага года - 356 чалавек).

Выпадкаў смерці людзей ад шаленства ў бягучым годзе не было. У 2012 годзе зарэгістраваны выпадак захворвання на шаленства са смяротным зыходам у 42-гадовай жыхаркі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Захворванне развілося ў выніку кантакту з хворай на шаленства свойскай жывёлінай (у 2011 годзе былі 2 выпадкі шаленства сярод насельніцтва, якія скончыліся смерцю).

Шаленства - інфекцыйнае захворванне віруснай прыроды, якое перадаецца іншым жывёлам і людзям пры цесным кантакце са сліной інфіцыраваных жывёл - пры ўкусах, драпінах, а таксама забруджванні сліной жывёлы пашкоджанай скуры і слізістых абалонак.

Першыя сімптомы захворвання могуць праяўляцца ў месцы нанесенага пашкоджання ў выглядзе мышачных сутаргаў, свербу, болі па ходу нерваў. У пачатку захворвання адзначаюцца беспадстаўная трывога, страх, павышаная адчувальнасць да светлавых і гукавых раздражняльнікаў, павышэнне тэмпературы цела. Пасля могуць далучацца прыступы боязі вады: балючыя спазмы мышцаў глоткі і гартані пры спробе папіць, пры гуках вады, якая льецца. З кожным днём захворванне прагрэсіруе, развіваюцца паралічы. Смерць настае ад спынення дыхання і сардэчна-сасудзістай дзейнасці.

Засцерагчы сябе і навакольных ад шаленства можна, выконваючы простыя правілы: трэба сачыць за свойскімі жывёламі, у выпадках змен у іх паводзінах абавязкова звяртацца да ветэрынара, не падбіраць на вуліцы дзікіх і безнаглядных жывёл або знайсці магчымасць у кароткі тэрмін паказаць іх ветэрынарнаму ўрачу і зрабіць прышчэпку ад шаленства. Неабходна нагадваць дзецям аб неабходнасці інфармавання дарослых у выпадку нават нязначных пашкоджанняў, нанесеных жывёламі.

Калі жывёла, нават знешне здаровая, усё ж параніла, неабходна ў максімальна кароткія тэрміны самастойна правесці першасную апрацоўку раны - дасканала прамыць яе на працягу не менш як 15 мінут струменем вады з мылам, апрацаваць краі 5-працэнтнай настойкай ёду і неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Чым раней пачата імунізацыя супраць шаленства, тым верагодней паспяховае выйсце ў існуючай сітуацыі. Ні ў якім выпадку не трэба адмаўляцца ад назначанага лячэння і самавольна спыняць яго, гэта можа прывесці да трагічных вынікаў.

Як адзначаецца ў Дзяржаўным дакладзе "Аб санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе", за мінулы год у краіне найбольшая колькасць выпадкаў захворвання на шаленства зарэгістравана па-ранейшаму сярод дзікіх жывёл (302 выпадкі), захваральнасць сярод гэтай катэгорыі жывёл зменшылася на 66,1 працэнта. Дамінуючым відам сярод хворых на шаленства дзікіх жывёл прадаўжае заставацца лісіца - 77,8 працэнта, на долю янотападобнага сабакі прыпадае 15,9 працэнта. Зарэгістравана 150 выпадкаў шаленства сярод сабак і катоў, уключаючы безнаглядных. Сярод сельгасжывёл колькасць выпадкаў шаленства ў цэлым па рэспубліцы зменшылася ў 2 разы (у 2012-м - 55 выпадкаў, у 2011-м - 117).

Рэзкае скарачэнне колькасці выпадкаў шаленства сярод жывёл прывяло да змяншэння колькасці людзей, якія звярнуліся па антырабічную дапамогу з-за кантакту з хворымі жывёламі. У цэлым па рэспубліцы колькасць пацыентаў, якія пацярпелі ад жывёл з устаноўленым дыягназам шаленства, зменшылася ў 2,3 раза (у 2012 годзе - 681, у 2011 годзе - 1 тыс. 572). Усяго на працягу мінулага года за аказаннем антырабічнай дапамогі ў арганізацыі аховы здароўя рэспублікі звярнуліся 22,1 тыс. чалавек.

У мінулым годзе зарэгістравана 17 выпадкаў масавага кантакту (5 і больш пацярпелых) людзей з хворымі на шаленства жывёламі, у выніку чаго пацярпелі 130 чалавек, з іх 17 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Найбольшая колькасць масавых кантактаў адзначалася ў Мінскай вобласці - 5 (29,4 працэнта ўсіх выпадкаў). Пацярпелым - у адпаведнасці з паказаннямі - быў назначаны курс антырабічнага лячэння, у 36 выпадках - ва ўмовах стацыянара. Большасць масавых кантактаў адзначалася сярод сельскіх жыхароў.

12 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:12.08.2013
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1551
 
Ключевые слова:
Здравоохранение Вакцинация Бешенство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме