https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Амаль 170 работ з 26 краін пакажуць на XVI Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", які пройдзе 16-18 верасня ў Магілёве


Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела метадычнай работы Магілёўскага абласнога дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства "Кінавідэапракат" Жанна Чапялінская.
Паводле слоў субяседніцы, штогод геаграфія краін - удзельніц форуму пашыраецца. Калі ў 2012 годзе заяўкі паступілі ад анімацыйных студый з 21 дзяржавы, то ў гэтым зарэгістраваны рэкорд за пятнаццацігадовую гісторыю свята - 26. "Пабываўшы адзін раз на фестывалі ў Магілёве, госці становяцца яго пастаяннымі ўдзельнікамі і прыводзяць з сабой сяброў, - адзначыла Жанна Чапялінская. - На "Анімаёўцы-2013" у нашу сям`ю ўвальюцца студыі з Малдовы, Кыргызстана, Таджыкістана, Кубы, Славакіі і Чылі".

Традыцыйна ў час фестывалю пройдзе дзіцячы конкурс малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Мой любімы мультфільм". Прыслана больш як 400 работ з Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана. Прычым юныя мастакі з апошняй краіны прымуць удзел у конкурсе ўпершыню. "Да пачатку фестывалю застаецца крыху больш за месяц, а колькасць жадаючых расказаць пра свой любімы мультфільм не змяншаецца, - адзначыла Жанна Чапялінская. - Самаму маленькаму ўдзельніку конкурсу ўсяго 3 гады, старэйшаму - 18 гадоў".

Амаль 60 работ ад чатырнаццаці дзіцячых анімацыйных студый заяўлена на конкурс фільмаў "Я не чараўнік, я толькі вучуся ...". У гэтым годзе за перамогу ўпершыню будуць змагацца калектывы з Арменіі, Малдовы, Кыргызстана і Бельгіі. Канкурэнцыю ім складзе зусім юная магілёўская студыя. "Дзеці на працягу года рыхтаваліся да "Анімаёўкі", - адзначыла Жанна Чапялінская. - Вынікам іх старанняў стаў вельмі прыгожы мультфільм аб прыродзе, дабрыні і любові. Назву, сюжэт і галоўных герояў гісторыі трымаем у сакрэце, каб стужка стала сапраўдным сюрпрызам для гледачоў форуму". Таксама праграма фестывалю прадугледжвае творчыя сустрэчы са стваральнікамі анімацыйных фільмаў, тэатралізаваныя паказы, майстар-класы, канцэртныя, гульнявыя праграмы і інш.

Не абыдзецца і без ганаровых гасцей. Цырымонію адкрыцця форуму будзе весці заслужаная артыстка Расіі Аксана Сташэнка. Плануецца, што ў залу кінатэатра "Радзіма" па чырвонай дывановай дарожцы пройдзе заслужаная артыстка РСФСР Людміла Гнілава, чыім голасам гавораць героі больш як 50 мультфільмаў, сярод якіх "Качыныя гісторыі", "Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу", "Сімпсаны", "Кацяня па імені Гаў","Лоракс". Акрамя таго, на фестывалі чакаецца вялікая колькасць рэжысёраў - Ларыса Глінска (Малдова), Надзея Славава (Балгарыя), дэлегацыя ад "Беларусьфільма" і інш.

Уладальніка Гран-пры за "Лепшы фільм фестывалю" вызначаць у заключны дзень "Анімаёўкі". Таксама спецыяльны прыз "Хрустальны аловак", дыпломы і каштоўныя падарункі будуць уручаны ў 5 намінацыях: "Лепшы эксперыментальны фільм", "Лепшы фільм для дзяцей", "Лепшае выяўленчае рашэнне", "Прыз Майстру" і "Прыз глядацкіх сімпатый".

"Анімаёўка" праводзіцца штогод з 1998 года з мэтай папулярызацыі лепшых твораў сусветнай і айчыннай анімацыі, падтрымкі анімацыйнага кіно, знаёмства гледачоў з мультыплікацыяй апошніх гадоў, умацавання культурных сувязей паміж Беларуссю і краінамі - удзельніцамі фестывалю.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам, Магілёўскі гарвыканкам, Магілёўскае абласное вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Кінавідэапракат".

9 жніўня 2013, Магілёў
Вольга Ткачова - БЕЛТА
 
Дата публикации:09.08.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1757
 
Ключевые слова:
Анимаевка Магілёў Мультипликация Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме